Шматлікія фальсіфікацыі падчас датэрміновага галасавання
Назіральнік ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) зафіксаваў спробу ўкідвання бюлетэняў на ўчастку №37 па Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе №3. Маладая жанчына выйшла з кабінкі для галасавання, трымаючы ў руках кіпу бюлетэняў. Пасля таго, як назіральнік яе прыпыніў і задаў пытанне наконт таго, адкуль у яе столькі бюлетэняў, жанчына хутка сышла. Назіральнік гэта засняў на відэа.
– Колькі ў вас бюлетэняў у руцэ? Пакажыце. Хто вам даў столькі бюлетэняў? Адкуль вы іх узялі? Вас будзе вельмі проста знайсці. Вы пакінулі сёння свае дадзеныя. Я зняў вас на відэа. У пракуратуры вамі зацікавяцца.
Пра небяспеку фальсіфікацый менавіта падчас датэрміновага галасавання заяўляюць, як апазіцыйныя палітыкі, так і незалежныя назіральнікі. У гэты час меншая ўвага да працы выбарчых камісій, а за ўрнамі для галасавання ніхто пільна не сочыць. На іншыя аспекты фальсіфікацый падчас датэрміновага галасавання звяртае ўвагу прадстаўнік ініцыятывы па назіранні «Права выбару 2019» Аляксей Янукевіч.
– Магчымасць для маніпуляцыі з выбарчымі скрынямі і выбарчымі бюлетэнямі, таму што ўначы яны фактычна знаходзяцца без нагляду назіральнікаў. І менавіта такі комплексны падыход уладаў, калі датэрміновае галасаванне працягваецца доўга, людзей прымушаюць, і пры гэтым няма ніякай магчымасці кантраляваць, у якім стане знаходзяцца скрыні для галасавання. На папярэдніх выбарах неаднаразова назіральнікі і простыя грамадзяне сведчылі, што скрыні выглядаюць падазрона.
Адміністрацыйны рэсурс таксама выкарыстоўваюць беларускія улады, калі фактычна заганяюць на датэрміновае галасаванне. Ужо ў першы дзень галасавання ў Беларусі яўка склала больш за 4,5 працэнтаў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя