Шматлюднае шэсце ў Варшаве да беларускага Дня Волі



У Варшаве адбыўся вялікі Марш беларусаў замежжа, прысвечаны Дню Волі. Афіцыйная частка Марша прайшла на плошчы Канстытуцыі, дзе сабралася вельмі шмат беларусаў пад бел-чырвона-белымі і блакітна-жоўтымі сцягамі, з плакатамі ў руках. Вядучая павіншавала сабраных на Марш з Днём волі, Вольны хор выканаў гімн Беларускай Народнай Рэспублікі. У свяце прыняла ўдзел лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская, «выбраная прэзідэнтка Рэспублікі Беларусь», як аб´явіла вядоўца мітынгу. Святлана Ціханоўская выступіла перад людзьмі з невялікай прамовай:

– Прывітанне мае дарагія беларусы. Я абняла б кожнага з вас. Тут так шмат украінскіх і беларускіх сцягоў. Я нават не маю словаў, каб апісаць той боль, праз якія праходзяць нашыя народы – украінскі і беларускі. Нас аб’яднала супольная бяда. Хочацца, каб гэты кашмар як найхутчэй закончыўся. І каб мы ўсе вярнуліся дадому. На жаль, у нашым доме, у нашай краіне працягвае панаваць тыранія.

Не абыйшлося без правакацыі пад час прамовы Святланы. Некалькі чалавек закрычалі «ганьба». Але іх перабілі дружным «Жыве Беларусь». І сама Ціханоўская вельмі дыпламатычна выйшла з гэтай сітуацыі.

Пасля афіцыйнай часткі вялікая калона ўдзельнікаў Марша рушыла да амбасады Украіны, каб выказаць салідарнасць і падтрымку, а затым да амбасады Расеі, каб выказаць асуджэнне і абурэнне.

Аліна Андрыевіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі

***

У Варшаве адбылося шматлюднае шэсце да беларускага Дня Волі.

Карэспандэнта Радыё Рацыя Андрэй Панямонаў паведамляе з варшаўскага маршу з нагоды Дня Волі.

Андрэй Панямонаў: Бачу вялікую калону, напэўна даўжэй за кіламетр. Спачатку адбыўся мітынг на пляцы Канстытуцыі.

РР: Што кажуць удзельнікі, чаму яны там?

Андрэй Панямонаў: Найперш, гэта святочны марш. Дзень Волі сёння адзначаецца. А па-другое, гэта антываенны марш, і праводзіцца ў падтрымку нашых паўднёвых суседзяў.

РР: Большасць удзельнікаў гэта беларусы, людзі, якія з’ехалі з Беларусі?

Андрэй Панямонаў: Так, безумоўна, гэта беларусы. Гэта, відаць, буйнейшая акцыя за апошні час, бо гэта вынік вялікай хвалі эміграцыі за апошні год, якая працягваецца і зараз. Вельмі шмат маладых людзей. З сем’ямі. Людзей сталага ўзросту амаль што і няма. У асноўным гэта людзі 30 гадоў плюс-мінус. Ёсць, канешне, і ўкраінскія сцягі.

Цалкам размова:

***

Арганізатары аб’явілі хвіліну памяці ў гонар беларускага добраахвотніка. Стала вядома, што пад Ірпенем у цяжкіх баях загінуў баец батальёну Каліноўскага Зміцер Апанасовіч. Ён быў цяжка паранены, быў тэрмінова эвакуяваны да шпіталю, але выратаваць ягонае жыццё дактарам не ўдалося. Змітру было 32 гады. Гэта ўжо трэці беларус цягам месяца, які загінуў, абараняючы Украіну. Усяго на гэты момант у складзе розных фармаванняў на ўкраінскім баку ваююць некалькі соцень грамадзян Беларусі.

Пасля афіцыйнай часткі вялікая калона ўдзельнікаў рушыла да амбасады Украіны, каб выказаць салідарнасць і падтрымку, а затым да амбасады Расеі, каб выказаць асуджэнне і абурэнне.

Дэманстранты сабраліся а 14-й гадзіне па мясцовым часе каля Беларускага моладзевага хаба на плошчы Канстытуцыі, дзе адбыўся мітынг з удзелам прадстаўнікоў беларускіх дэмсілаў. Кажа Святлана Ціханоўская:

– Рэжым Лукашэнкі мэтанакіравана ўцягвае нас у вайну. Прадстаўленне тэрыторыі, аэрадромаў, шпіталёў – гэта ўжо саўдзел. Больш за тое, уся дзяржаўная прапаганда накіраваная на распальванне вайны і варожасці да Украіны. І калі Лукашэнка пасля будзе выстаўляць сябе міратворцам, то не падманвайцеся, ён зрабіў усё, каб уцягнуць Беларусь у гэтую вайну.

Пасля прамовы Ціханоўская ўзначаліла калону, трымаючы транспарант з надпісам «Беларусь будзе вольнай».

Сёння, 26 сакавіка, яна і лідар НАУ Павел Латушка будуць прысутнічаць на пасланні Прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Джо Байдэна, якое адбудзецца каля Каралеўскага Замка ў Варшаве.

Беларускае Радыё Рацыя