Штаб Бабарыкі пачаў здаваць подпісы ў выбарчыя камісіі



Подпісы, сабраныя за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Віктара Бабарыкі, пачынаюць здаваць у выбарчыя камісіі.

„Сябры! Сёння мы падаем частку подпісаў у выбарчыя камісіі”, — паведамляе 13 чэрвеня афіцыйны тэлеграм-канал Бабарыкі.

„Мы ўважліва ставімся да пытання абароны сабраных подпісаў выбаршчыкаў. Апроч працэдуры верыфікацыі і пацвярджэння подпісаў штаб распрацаваў спецыяльную працэдуру здачы лістоў у камісіі па выбарах”, — гаворыцца ў паведамленні.

„Мы ведаем, якім чынам, куды і ў якім парадку пададзены кожны подпіс выбаршчыкаў”, — падкрэсліваюць у штабе.

Паводле дадзеных афіцыйнага сайта Бабарыкі, на дадзены момант у яго падтрымку сабрана 335 тысяч подпісаў.

Раней у штабе планавалі, што збор подпісаў працягнецца да 14 чэрвеня, аднак было вырашана працягнуць прыём да 18 чэрвеня, так як была ўзмоцненая каманда праверкі подпісаў.

Каментуючы падчас стрыму вечарам 12 чэрвеня сітуацыю з вобшукамі, затрыманнямі і заявамі Аляксандра Лукашэнкі з гэтай нагоды, Бабарыка сказаў: „Ёсць станоўчыя моманты, а менавіта тое, што быццам бы, нягледзячы на падзеі, што адбываюцца, было сказана, што мяне ўсё ж такі хочуць бачыць у якасці кандыдата ў прэзідэнты. Ёсць вялікая надзея, што нашу групу і мяне зарэгіструюць, і мы раскажам усю праўду беларускаму народу аб тым, хто такі Віктар Бабарыка, і пагутарым ужо ў фармаце размовы з усёй краінай”.

Усяго ЦВК зарэгістравала 14 ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. Збор подпісаў праходзіць з 21 мая па 19 чэрвеня.

Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты пройдзе з 5 па 14 ліпеня, пасля чаго стартуе перыяд перадвыбарнай агітацыі. Прэзідэнцкія выбары прызначаныя на 9 жніўня.

belapan.by