Штаб Бабарыкі паведаміў пра новы вобшук у яго загорадным доме



У загорадным доме былога старшыні праўлення „Белгазпрамбанка” палітзняволенага Віктара Бабарыкі 18 лістапада праведзены вобшук, паведамляе тэлеграм-канал штаба экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты.

„Супрацоўнікі КДБ з панятымі прыбылі прыблізна ў 11.30. Вобшук праводзілі 10 чалавек каля трох гадзін. Участковы канфіскаваў паляўнічую зброю”, — адзначаецца ў паведамленні.

Дом знаходзіцца ў вёсцы Мачаны Лагойскага раёна Менскай вобласці. Гэтая нерухомасць згадвалася ў лісце Камітэта дзяржкантролю, на падставе якога Цэнтрвыбаркам 14 ліпеня адмовіў Бабарыку ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты нягледзячы на тое, што ў падтрымку яго вылучэння было сабрана больш за 360 тыс. подпісаў грамадзян, прызнана сапраўднымі больш за 165 тыс. пры неабходным 100-тысячным парозе. Паводле версіі ЦВК, ліст сведчыў аб наяўнасці незадэклараванай маёмасці.

„Бабарыка ўкладваў выведзеныя грашовыя сродкі ў мадэрнізацыю сямейнага маёнтка — нерухомасць афіцыйна аформленая на сына — у вёсцы Мачаны Лагойскага раёна, якая ў 2009 годзе ацэньвалася Бабарыкам у 327 тысяч долараў, а ў 2015 годзе — у 3 млн 151 тыс. долараў”, — сказала тады старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, зачытваючы ліст.

Віктар Бабарыка знаходзіцца пад вартай роўна пяць месяцаў. Ён быў затрыманы 18 чэрвеня разам з кіраўніком свайго штаба сынам Эдуардам паводле падазрэння ў здзяйсненні эканамічных злачынстваў і ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ.

Бабарыку выстаўленае абвінавачанне на падставе трох артыкулаў КК: ч. 2 арт. 235 (легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам), ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў) і ч. 2 арт. 431 (даванне хабару). „Міжнародная амністыя” прызнала Віктара Бабарыку палітычным зняволеным. Прызнаны палітзняволеным і яго сын Эдуард Бабарыка, які абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 243 КК.

belapan.by