Штаб Ціханоўскай патрабуе расследаваць забойствы
Штаб кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2020 Святланы Ціханоўскай 17 жніўня падасць заяву пра распачынанне крымінальнай справы па факце смерці людзей падчас акцый пратэсту, паведаміла прадстаўнік штаба Марыя Калеснікава падчас нядзельных масавых выступаў у Менску.
„Па фактах здзекаў над людзьмі, па фактах незаконных дзеянняў праваахоўных органаў. Усе, хто ўжываў гвалт да дэманстрантаў і проста прахожых на вуліцах, у аўтазаках і пасля ў РУУС і СІЗА, павінны панесці адказнасць”, — сказала яна.
„Учора (15 жніўня. — БелаПАН.) мы развітваліся з Аляксандрам Тарайкоўскім, які быў забіты на вуліцы. Сёння (16 жніўня. — БелаПАН.) мы развітваліся з Аляксандрам Віхорам, які памёр пасля затрымання, не дачакаўшыся дапамогі. Ні адзін з датычных да гвалту да гэтага часу не быў пакараны, ні адна крымінальная справа не была заведзеная. Да гэтага часу не вызваленыя людзі з турмаў. Так не будзе. Так не пойдзе”, — падкрэсліла Калеснікава.
„Мы патрабуем вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама затрыманых на мірных акцыях і акцыях нязгоды: Віктар і Эдуард Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, Павел Севярынец, Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік і 4 тыс. чалавек, якія застаюцца ў турме. Усе павінны быць вызваленыя неадкладна”, — заявіла паплечніца Ціханоўскай.
Паводле яе слоў, усім пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў павінна быць прызначаная і выплачаная кампенсацыя.
Калеснікава падзякавала грамадзянам за тое, што яны не спыняюць „выказваць сваю нязгоду”, ладзіць забастоўкі, адмаўляцца прызнаць вынікі „несвабодных выбараў”. „Чым больш мы будзем працягваць выказваць сваю нязгоду, тым хутчэй наступяць перамены. Упершыню за 26 гадоў мы з вамі адчуваем: мы свабодная еўрапейская нацыя і мы разам пераможам”, — адзначыла яна.
Прадстаўнік штаба звярнулася „да работнікаў заводаў і фабрык, работнікаў дзяржаўнага тэлебачання, СМІ, чыноўнікам, дыпламатам і да ўсіх сілавых структур”: „Гэта ваш апошні шанец. Змагайцеся са сваім страхам, як і кожны з нас. Мы ўсе баяліся. Зараз мы ўсе перасталі баяцца, паглядзіце, як нас шмат. Змагайцеся са сваім страхам і далучайцеся да нас. Мы вас падтрымаем”.
„Нас у чарговы раз хочуць падмануць. Усе 26 гадоў мы чуем толькі суцэльную хлусню і пустыя абяцанні. У нас скралі 26 гадоў жыцця, 26 гадоў волі. У нас скралі выбары… Былы прэзідэнт павінен падаць у адстаўку. 26 гадоў кашмару павінны скончыцца. Ён утапіў краіну ў гвалце”, — заявіла Калеснікава.
На яе думку, Лукашэнка „не толькі галоўная пагроза для беларускага народа, але і галоўная пагроза для незалежнасці краіны”. „Суверэнітэт Беларусі не прадмет гандлю і абмеркавання”, — падкрэсліла яна.
„Абараняць сваю краіну ад замаху на яе незалежнасць беларусы будуць гэтак жа адважна, як цяпер змагаюцца з гвалтам з боку дзейнай улады. Мы ведаем, што рэжым гатовы пайсці на ўсё, абы ўтрымаць уладу. Падзеі апошняга тыдня напалохалі дзейную ўладу. Мы не супакоімся, мы не спынімся, пакуль цяперашняя ўлада не сыдзе ў адстаўку і Беларусь не стане свабоднай краінай”, — заявіла Калеснікава.