Штабы Бабарыкі, Цапкалы і Ціханоўскай дамовіліся пра аб’яднанне (абноўлена)
Сёння, 16 ліпеня, прайшла сустрэча штабоў трох альтэрнатыўных кандыдатаў: Святланы Ціханоўскай, Валерыя Цапкалы і Віктара Бабарыкі, паведамляе штаб Бабарыкі.
На сустрэчы штабы прадстаўлялі: кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская, штаб Цапкалы – Вераніка Цапкала і штаб Бабарыкі – Марыя Калеснікава.
У паведамленні штаба Бабарыкі сказана, што аб’яднаная каманда плануе:
- заклікаць выбаршчыкаў прыйсці на выбары 9 жніўня 2020 года і галасаваць;
- вызваліць палітвязняў, эканамічных зняволеных, падаўшы права на перагляд спраў у незалежных і сумленных судах;
- правесці паўторныя, сумленныя выбары пасля 9 жніўня 2020 года;
- інфармаваць выбаршчыкаў аб неабходнасці абараняць свой голас рознымі спосабамі;
- заклікаць ўдзельнічаць у ініцыятывах за сумленныя выбары.
У каментары БелаПАН Святлана Ціханоўская паведаміла, што аб’яднанне адбылося па ініцыятыве штабоў Бабарыкі і Цапкалы. „Будзем разам працаваць. Яны будуць дапамагаць рэсурсамі, людзьмі. Мы ўсе аб’ядналіся дзеля агульных мэтаў. Першая з іх — свабодныя выбары, другая — вызваленне палітычных і эканамічных зняволеных. Мы абмяркоўвалі сумесныя планы і прыйшлі да кансенсусу. Такое аб’яднанне ўзмацняе нас”, — сказала кандыдат у прэзідэнты.
14 ліпеня Цэнтрвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу, якія лічыліся асноўнымі супернікамі Аляксандра Лукашэнкі. Вечарам у Менску і іншых гарадах Беларусі прайшлі масавыя стыхійныя акцыі пратэсту супраць рашэння ЦВК, якія завяршыліся жорсткім разгонам і затрыманнямі.
Следчы камітэт паведаміў пра распачынанне крымінальнай справы „па факце арганізацыі і актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, на тэрыторыі горада Менска, спалучаных з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў”.
Штаб Бабарыкі заявіў, што будзе аспрэчваць рашэнне ЦВК і прапанаваў грамадзянам накіроўваць у камісію скаргі аб нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. 15 ліпеня да ЦВК вырасла чарга з больш чым двух тысяч ахвотных падаць такія скаргі, якая расцягнулася на некалькі кіламетраў. Увечары зноў прайшлі затрыманні.
У інтэрв’ю РІА Новости кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што гэтыя вулічныя акцыі арганізаваныя перадвыбарнымі штабамі тых прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, якім адмоўлена ў рэгістрацыі.
Былы старшыня праўлення „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня паводле падазрэння ва ўчыненні эканамічных злачынстваў і ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ.
Сяргей Ціханоўскі, кіраўнік ініцыятыўнай групы сваёй жонкі Святланы Ціханоўскай, пасля яе рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты стаў яе даверанай асобай. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Менску па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў і перашкаджанні выбарам.
Бабарыка і Ціханоўскі прызнаныя палітвязнямі.
Фота з тэлеграм-канала Віктара Бабарыкі.