Штабы Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы не будуць заклікаць зняцца з выбараў



Штабы кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай, а таксама не зарэгістраваных кандыдатамі Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы не будуць заклікаць іншых кандыдатаў — Андрэя Дзмітрыева і Сяргея Чэрачня — зняцца з выбараў, але гатовыя да супрацоўніцтва з імі. Пра гэта было заяўлена на сумеснай канферэнцыі штабоў 17 ліпеня ў Менску.

Прадстаўнік штаба Бабарыкі Марыя Калеснікава адзначыла, што на сённяшні дзень яны ўжо ведаюць, што Андрэй Дзмітрыеў падтрымаў іх ініцыятыву. А Ціханоўская дадала: „Мы будзем рады ўсім, хто нас будзе падтрымліваць, прапаноўваць з намі далей працаваць. Пры выкананні пяці асноўных прынцыпаў нашай перадвыбарнай кампаніі”.

На рэмарку пра тое, што падтрымаць — гэта не азначае зняцца з выбараў на карысць іншага кандыдата, жонка Валерыя Цапкалы Вераніка Цапкала адзначыла: „Гаворка не ідзе пра зняцце кандыдатаў, гаворка ідзе пра аб’яднанне кандыдатаў”.

„Нашыя тры штабы сфармулявалі пяць галоўных прынцыпаў, на аснове якіх трымаецца наша ўзаемадзеянне і супрацоўніцтва, — нагадала Цапкала і пералічыла асноўныя з іх. — Мы заклікаем усіх грамадзян Рэспублікі Беларусь прыйсці на выбары 9 жніўня. Мы будзем патрабаваць, і мы вызвалім у выпадку перамогі ўсіх палітвязняў і эканамічных зняволеных. Пасля таго як мы правядзем выбары 9 жніўня, будуць прызначаныя новыя выбары, на якіх усе ахвотныя, усе кандыдаты, якія цяпер утрымліваюцца незаконным шляхам у следчым ізалятары, маглі б свабодна, нічога не баючыся, удзельнічаць”.

„Усе тыя кандыдаты, якія падзяляюць з намі гэтыя прынцыпы, могуць далучыцца да нашай ініцыятывы”, — падкрэсліла Вераніка Цапкала.

belapan.by