Штайнмаер: Германія і Беларусь маюць намер стварыць агульную гістарычную камісію



Германія і Беларусь маюць намер стварыць агульную гістарычную камісію, заявіў нямецкі федэральны прэзідэнт Франк-Вальтэр Штайнмаер на міжнароднай канферэнцыі „Памятаць дзеля агульнай еўрапейскай будучыні” 29 чэрвеня ў Менску.

Паводле слоў Штайнмаера, гэта пытанне абмяркоўвалася на яго сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам пасля цырымоніі адкрыцця мемарыялу на месцы канцлагера ў Трасцянцы. „Спадар Лукашэнка гатовы падумаць аб тым, як выкарыстаць сённяшнюю падзею, якая з`яўляецца сапраўднай гістарычнай, для адкрыцця — каб у нас была яшчэ не еўрапейская, але ўжо агульная культура памяці”, — заявіў прэзідэнт ФРГ.

У сувязі з гэтым Штайнмаер прапанаваў ужо гэтай восенню правесці агульную канферэнцыю, прысвечаную гісторыі. „Стварэнне агульнай камісіі гісторыкаў два-тры гады таму менавіта з Беларуссю мы не маглі сабе ўявіць”, — заявіў ён.

„Еўрапейская культура памяці — гэта не сённяшні стан, а шлях, і важна зразумець, дзе мы знаходзімся на гэтым шляху”, — дадаў Штайнмаер.

Нямецкі прэзідэнт таксама падкрэсліў, што ўпэўнены ў неабходнасці агульнай еўрапейскай культуры памяці, аднак сумняваецца ў тым, наколькі „ў гэтай Еўропе, у яе сённяшнім стане, мы знаходзімся на шляху наперад”.

„Культура памяці можа існаваць, калі паміж народамі ёсць адкрытасць. Калі ўласная гісторыя становіцца дзяржаўнай палітыкай, то ўжо не хапае гатоўнасці займацца агульным вопытам гісторыі”, — лічыць ён.

Таму Штайнмаер рад, што адкрыццё мемарыяла на месцы канцлагера ў Трасцянцы прайшло „ў такой годнай атмасферы”. Ён таксама падзякаваў усім датычным у Беларусі да адкрыцця комплексу. Прэзідэнт Германіі выказаў падзяку сведкам падзей і сваякам ахвяр канцлагера за магчымасць пагутарыць з імі.

„Стабільнасць і мір на гэтым кантыненце будуць толькі тады, калі ў нас будзе мужнасць у адкрытасці, калі мы будзем скіроўваць свой погляд у мінулае гэтак жа, як мы накіроўваем яго ў будучыню”, — сказаў прэзідэнт ФРГ.

Трасцянец — адно з найбуйнейшых месцаў масавага знішчэння нацыстамі цывільнага насельніцтва ў 1941—1944 гадах. Па колькасці ахвяр ён знаходзіцца на чацвёртым месцы пасля лагераў смерці Асвенцім, Майданэк і Трэблінка. Паводле афіцыйных дадзеных, у Трасцянцы было знішчана больш за 200 тыс. чалавек з розных краін, у тым ліку Аўстрыі, Германіі, Чэхаславакіі.

Памятная капсула на месцы стварэння мемарыяльнага комплексу „Трасцянец” была закладзена ў чэрвені 2014 года, першы комплекс мемарыяла адкрылі праз год, 22 чэрвеня 2015-га.

belapan.bу

Фота БелТА