Штамп у пашпарце Ганны Красулінай аб высылцы ануляваны
Штамп у пашпарце прэс-сакратара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай аб высылцы з Беларусі ануляваны.
„Я атрымала інфармацыю з суда Маскоўскага раёна, што скарга на яго рашэнне ад УУС не паступіла. Тэрмін, які адводзіцца на абскарджанне і апратэставанне рашэння суда (15 дзён), ужо прайшоў. Гэта азначае, што УУС не мае намеру абскарджваць рашэнне. Гэта пацвярджаецца і паводзінамі супрацоўнікаў аддзела па грамадзянстве і міграцыі Маскоўскага раёна, які я наведала, каб падаць заяву на працяг права на жыхарства. Дакументы прынялі, а штамп аб высылцы ў маім пашпарце анулявалі”, — паведаміла БелаПАН Красуліна.
Красуліна — грамадзянка Расеі, аднак пастаянна жыве ў Беларусі з 2002 года, тут у яе муж, двое дзяцей і бацькі. Рашэнне аб яе выдварэнні з краіны было прынятае 13 лістапада УУС Маскоўскага раёна сталіцы ў інтарэсах, як вынікае з дакумента, грамадскага парадку. Яна павінна была ў добраахвотным парадку пакінуць Беларусь да 30 лістапада.
Рашэнне праваахоўных органаў аб высылцы Красулінай адмяніў 19 снежня суд Маскоўскага раёна Менска.