Што адбываецца ў Вільні напярэдадні саміту NATO?
Напярэдадні саміту NATO у Вільні, які адбудзецца 11-12 ліпеня, Літва ўзмацніла супрацьпаветраную і наземную ахову. Шаснаццаць саюзнікаў NATO накіравалі каля 1000 вайскоўцаў для аховы саміту і таксама надалі перадавыя сістэмы супрацьпаветранай абароны: Patriot, NASAMS, самаходныя гаўбіцы Caesar ды іншае.
З нядзелі 9 ліпеня перакрытыя ўсе дарогі для транспарту і пешаходаў у раёне „Літэкспа”, дзе будуць праходзіць асноўныя дзеі саміту, і ў цэнтры горада, дзе размесцяцца госці і прэс-цэнтр саміту, таксама будуць абмежаванні.
З Вільні перадае нашая карэспандэнтка Таццяна Смоткіна:
– Саміт NATO будзе праходзіць непадалёк ад таго раёна, дзе я жыву. З нядзелі ўжо перакрыты асноўны ўчастак Лайсвіс праспекта (праспекта Свабоды) і некаторыя ўчасткі цэнтра горада. Ля літоўскага цэнтра выставак і кангрэсаў “Літэспа”, дзе будзе праходзіць галоўная дзея, знаходзяцца некалькі пунктаў аховы з паліцэйскімі і вайскоўцамі разам з ваеннай тэхнікай, паркавая, лясная і рачная зоны каля гэтага месца таксама закрытыя.
Каля прэзідэнцкага палаца будзе забаронены рух пешаходаў 11 ліпеня з 15 да 24 гадзін. З 7 ліпеня ў Старым горадзе абмежаваны рух аўтамабіляў і іх паркоўка. Жыхароў просяць прыбраць машыны ва ўнутраныя двары.
Час ад часу ў паветры чутныя гул самалётаў-знішчальнікаў і верталётаў. Гэта крыху напружвае жыхароў горада. Але як падарунак за нязручнасці літоўскія ўлады прапанавалі жыхарам і гасцям Вільні бескаштоўны праезд на грамадскім транспарце з 10 па 13 ліпеня.
Літва ў тры разы павялічыла колькасць памежнікаў на мяжы з Беларуссю і Расеяй на летні перыяд, узмацніўшы іх афіцэрамі з Латвіі і Польшчы.
Польшча і Нямеччына накіравалі ў Літву верталётныя сілы спецназу. Іншыя краіны даслалі меры для барацьбы з любымі патэнцыйнымі хімічнымі, біялагічнымі, радыёлагічнымі і ядзернымі нападамі.
У Саміце NATO прымуць удзел прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і лідары 40 краін.
Беларускае Радыё Рацыя