Што атрымаюць беларускія ўлады ад вызвалення палітвязняў?
Былы палітычны зняволены Андрэй Клімаў каментуе вызваленне палітвязняў напярэдадні выбараў. Андрэй Клімаў: Што атрымае ўлада ад вызвалення “палітычных”? Пра гэта можна сказаць так: “Не да дывідэндаў. Застацца б жывымі”. Сітуацыя ва Украіне зайшла настолькі далёка, што, як мне падаецца, тут размова ідзе ўжо нават не пра грошы. З другога боку, я вельмі рады за Мікалая Статкевіча, за яго жонку Марыну, якая, што называецца, здабывала перамогу ў тыле. Я вельмі рады, што здзекі над людзьмі ў турмах закончыліся. Але ўвогуле, калі глядзець на рэчы з палітычнай званіцы, вызваленне палітвязняў – гэта сігнал, што сітуацыя ў краіне вельмі кепская. Раней жа беларускія чыноўнікі пастаянна талдычылі, што ў краіне няма палітвязняў, не было практычна ніякіх шанцаў на іх вызваленне. І раптам усіх – на волю. Паўтаруся, гэта яшчэ раз пацвярджае, што беларускай уладзе тэрмінова неабходна абарона Еўразвязу.
РР: Але днямі, падчас сустрэчы з Мілерам, беларускі кіраўнік яшчэ раз прызнаўся ў сваёй любові да Расеі, нягледзячы на паляпшэння стасункаў з Захадам.
Андрэй Клімаў: Хто такі Мілер? Звычайны загадчык гаспадаркі “Газпрама”. Калі чалавека возьмуць у палон, што той будзе крычаць? Ён будзе крычаць: “Не страляйце!” Але ж калі не ў палоне, то страляе. Зайгралася наша ўлада з Расеяй, а апошняя вельмі паднялася ў апошні час, і яна ўжо не спыніцца. Няма больш падрыхтаванай для анэксіі тэрыторыі, чым Беларусь. Да таго ж і насельніцтва ўжо падрыхтавана – паглядзіце колькі машын ездзяць у Менску з георгіеўскімі стужкамі. Гэтыя ж людзі першымі пойдуць за расейскімі пашпартамі. І ўлада гэта таксама разумее, ёй спатрэбілася абарона Захаду праз прызнанне выбараў, праз легітымітазыцыю ўлады. Хоць, безумоўна, калі б не было ціску беларускай і міжнароднай супольнасці, то сітуацыя магла б пайсці крыху па іншым сцэнары.
РР: Ці можа сёння Мікалай Статкевіч аб’яднаць апазіцыю?
Андрэй Клімаў: Паглядзіце на яго фігуру зараз і дзесяць гадоў таму. На сёняшні дзень – гэта ўжо не проста лідар невялікай партыі і не проста вулічны трыбун, які выкарыстоўвае любы шанец, каб выступіць. На гэты момант Статкевіч, дзякуючы сваёй упартасці і нязломнай волі (а ён проста жалезны чалавек!), стаў не проста лідарам нумар адзін апазіцыі і надзеяй усяго пратэстнага электарату, а чалавекам нумар адзін у краіне. Абаронца Беларусі і яе дзяржаўнасці, які можа паспрыяць сплачэнню нацыі і прымірэнню. Хоць з іншага боку – гэта і пагроза існуючаму рэжыму. Праўда, большай пагрозы, чым эканоміка, для ўлады няма, бо практычна згублена ўнутраная эканамічная падпітка. І, калі ўжо сітуацыя будзе патавая, настане вельмі зручны час для яе развіцця па крымскім сцэнары. Але, паўтаруся, для ўсіх беларусаў вызваленне палітвязняў – вельмі добры знак.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота RFE/RL