Што б Уладзімір Някляеў запытаўся ў Пуціна і Парашэнкі?
Сёння на Менскі саміт першым прыляцеў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, апошнім – расейскі кіраўнік Уладзімір Пуцін. Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў распавядае, ці былі б у яго пытанні да лідараў гэтых краін, калі б здарылася магчымасць іх задаць.
Уладзімір Някляеў: У Пуціна я адразу спытаў бы канкрэтна: “Калі спыніцца вайна, якая не патрэбная ні Украіне, ні Расеі?» А вось да Парашэнкі асаблівых пытанняў у мяне няма. І так бачна, як яму складана. Ён абараняецца ад Масквы, як толькі можна. Варта толькі пажадаць украінскаму лідару моцы і вытрымкі.
РР: Вы верыце, што сёняшняя сустрэча можа вырашыць канфлікт?
Уладзімір Някляеў: Хацелася б у гэта верыць, але па тым, што рэальна адбываецца, зрухаў не бачна. На словах і заявах Масква кажа пра мір, а што на самой справе? Мы атрымоўваем інфармацыю, што тэрарыстам з Расеі ідзе зброя, на тэрыторыі Украіны затрымоўваюць расейскіх дэсантнікаў… Я хацеў бы спытацца ў Пуціна: “Што яны там робяць? Ці ёсць у цябе рэальнае жаданне спыніць вайну?»
РР: А ці былі б у вас пытанні да тых людзей, якія падтрымліваюць Маскву у гэтай вайне?
Уладзімір Някляеў: А што ў іх пытаць?.. Яны (і расейцы, і беларусы) падтрымліваюць не дзеянні Крамля, а расейскую прапаганду, якая большасці запудрыла мазгі і зрабіла іх зомбі. Вось што насамрэч адбываецца. У кожнага чалавека, безумоўна, свая галава на плячах. Але, калі гэтая галава думае, як галава, а не як дзяржаўны тэлевізар.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота labadzenka.by