Што было ў Крамлі 9 траўня



«А што яны святкуюць?» Спытаўся ў мяне знаёмы, які не заспеў савецкую прапаганду, а за расейскай апошніх дваццаці гадоў не сачыў.

Сёлета на Краснай плошчы ў Маскве было самае панурае абы што, калі казаць пра вайсковы парад.

Аглядальнікі заўважылі танк часоў Другой Сусветнай вайны і балістычныя ракеты, якія могуць данесці ядзерны зарад да ЗША. 

Свайму маладзейшаму суразмоўцу я патлумачыў, што савецкая, а следам сучасная расейская, прапаганда крывадушнічае, калі згадвае гераізм ветэранаў.

Культ «9-я траўня» распачаўся толькі ў сярэдзіне 1960-х – праз дваццаць гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Перад тым сам дзень не быў нават выходным.

Сталінскія і постсталінскія дзеячы не хацелі, каб насельніцтва СССР сталася больш свабодным унутры, разумеючы сваю значнасць. Што фактычна выратавалі скуру камуністычным правадырам.

Праз дваццаць гадоў абнавілася генерацыя. А яшчэ ў 1960-х пачалася гонка ўзбраенняў. СССР на поўным сур’ёзе рыхтаваўся да Трэцяй Сусветнай вайны. Была патрэбная мабілізацыйная матывацыя. Вось тады і пайшла распрацоўвацца міфалогія, кшталту гэта СССР галоўны пераможца, а астатнія краіны былі на падхопе.

Міфалогія рабілася ў стылі культу вайны і смерці. Не важна, што Сталін спачатку аддаў у палон каля пяці мільёнаў чырвонаармейцаў, а пасля ягоныя генералы, кшталту Георгія Жукава, пасылалі на мінныя паля сотні тысяч чалавек.

Перамога – усё, жыццё – нішто. Навошта перамагаць, калі гінеш, не ўдакладнялася. Перамога рабілася чымсьці самастойным, без прывязкі да сэнсу.

Тое, што быў пераможаны самы бесчалавечны культ, пад назвай «нацызм», было драбязой. Не здарма «нацызм», «фашызм» і «нацыяналізм» змяшалі ў адну кучу. Бо камуністычны рэжым такі самы як нацысцкі, толькі від збоку. Слова «фашысты» сталася сінонімам кепскіх, ворагаў.

Таму савецкі «Дзень Перамогі» звёўся да самастойнай адзінкі. Да перамогі проста над чужымі, не сваімі. Прыблізна як у рода-плямённыя часы.

Не здарма ў пуцінскай ідэалогіі пачалі падмяняць паняцце «Трэцяга Рэйху» і Заходняй Еўропы, а пасля проста Еўропы.

Культ вайны. Культ забойства. Ні слязы пра ахвяры.

„Наша племя самае моцнае, наш правадыр самы круты, а мы пры ім самыя абароненыя”.

І вось мы бачым як на вачох тае гэтая рода-пляменная крутасць. Нікчэмны парад, бо ніхто ўжо ў свеце не баіцца.

І бачым сумнага Лукашэнку, які сваім знешнім выглядам нагадвае карыкатуру на ганебны фінал ганебнага культу забойства.