Што бывае, калі Пуцін падстаўляе плячо



«Закрытую» і «грунтоўную» гутарку правядуць кіраўнікі Беларусі і Расеі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін у бліжэйшы час. Пра сустрэчу з мэтай абмеркаваць “пытанні двухбаковых адносінаў” яны дамовіліся ў часе сённяшняй тэлефоннай размовы. У Беларусі сёлета пройдуць два сумесныя з Расеяй мерапрыемствы – пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета ў канцы лютага ў Менску і трэці форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі ў чэрвені. “Крэмль працягне ціснуць на размяшчэнне ў Беларусі вайсковай базы, а Лукашэнка просіць нешта ўзамен”, – кажа аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

– Абмяркоўваюць нібыта толькі эканамічныя пытанні. Але ж мы ведаем, што нам абяцалі, яшчэ на прыканцы мінулага году, у прыватнасці міністар абароны Расеі Шойгу, што павінна адбыцца абмеркаванне тэмы „Мілітарныя складнікі Саюзнай дзяржавы”. У гэтай тэме, відавочна, і славутая авіябаза. І Пуцін, які, як вядома, дзюдаіст, кажа, што ён гатовы падставіць Беларусі плячо. У нашым зразуменні – гэта дапамагчы. А дзюдаіст падстаўляе плячо перад тым як кінуць праз сцягно. Вось гэта і ёсць палітыка Пуціна.

Акрамя таго 29 студзеня ў Санкт-Пецярбургу адбудзецца сустрэча прэм’ер-міністраў Беларусі і Расеі Андрэя Кабякова і Дзмітрыя Мядзведзева. Як паведаміла прэс-служба расейскага ўрада, прэм’еры абмяркуюць «актуальныя пытанні расейска-беларускага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, сумеснай працы ў рамках Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, а таксама ўзаемадзеянне ў Еўразійскім эканамічным саюзе».

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя