Што чакае Канстытуцыю?
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў распавядае пра тое, ці патрэбна змяняць тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў.
Як вядома, Ліберальна-дэмакратычная партыя прапанавала правесці рэферэндум, сумясціўшы яго з правядзеннем мясцовых выбараў, якія адбудуцца не пазней за люты 2018 году.
Сярод прапаноў партыі – пераход на выбары дэпутатаў усіх ўзроўняў па прапарцыйна-мажарытарнай сістэме, павелічэнне тэрмінаў паўнамоцтваў сябраў Савета Рэспублікі, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і дэпутатаў мясцовых саветаў з 4 да 5 гадоў і павелічэнне тэрміна паўнамоцтваў прэзідэнта з 5 да 7 гадоў.
Рыгор Кастусёў: Я валодаю інфармацыяй з надзейных крыніц у Адміністрацыі прэзідэнта, што там таксама разглядаюць ініцыятывы, якія зараз агучыў Гайдукевіч. Апошні таксама нешта недзе пачуў, таму вырашыў і інфармацыйны ўкід зрабіць, і сябе яшчэ раз прапіярыць.
РР: Могуць змяніць Канстытуцыю?
Рыгор Кастусёў: А хто ім можа перашкодзіць? Такія гаворкі ідуць, але ж пакуль няма канкрэтыкі. Відавочна адно – ва ўладных структурах насамрэч распрацоўваюць змены ў Асноўны закон.
РР: Як вам ініцыятыва падоўжыць тэрмін прэзідэнцкага кіравання з пяці гадоў да сямі?
Рыгор Кастусёў: Я з’яўляюся прыхільнікам таго, каб у парламент абіраць па прапарцыйна-мажарытарнай сістэме, але не падтрымліваю ідэю павялічыць прэзідэнцкі тэрмін, бо мы разумеем пад каго гэта робіцца. Некаторыя кажуць: грошы, маўляў, зэканомім, калі выбары будзем праводзіць раз на сем гадоў. Дык няхай лепш выбары сумленна і празрыста праводзяць, тады будуць і грошы, і эканоміка запрацуе нармальна.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя