Што дасць беларусам Усебеларускі кангрэс за незалежнасць?



Ужо больш за 100 прадстаўнікоў рэгіёнаў вылучаны на Усебеларускі кангрэс за незалежнасць, што мае адбыцца ў Мінску ў першай палове дня 21 снежня. Сустаршыня Кангрэсу Уладзімір Колас распавядае, ці патрэбен гэты форум беларускаму грамадству і ўладзе.

20111202_183936

Нагадаем, падчас Кангрэсу мяркуецца прыняць заяву аб неабходнасці яго пастаяннай працы. Такім чынам, Кангрэсу будзе нададзены статус пастаянна дзеючай пляцоўкі для вырашэння наспелых праблем нацыянальнага жыцця і існавання Рэспублікі Беларусь як незалежнай суверэннай дзяржавы.

Уладзімір Колас: Зразумела, што зараз, у гэтых варунках, неабходна сфарміраваць пазіцыю грамадскасці аб небяспеках, якія ёсць для незалежнасці Беларусі. Перадусім яны звязаныя з падзеямі ва Украіне і не толькі ва Украіне. Імкненне аднавіць імперыю і яе тэрыторыю закранае і Грузію, і Малдову, і, думаю, у перспектыве – Беларусь. Таму неабходна не маўчаць, а сфармуляваць сваё стаўленне, пазіцыю і гатоўнасць адстойваць суверэнітэт краіны. Калі адбудзецца такі форум з удзелам прадстаўнікоў з розных рэгіёнаў Беларусі – гэта будзе падставай, каб мець кансалідаваную пазіцыю. Акрамя таго, думаем пакінуць пляцоўку для абмена думкамі і далейшай кансалідацыі ўсіх прыхільнікаў незалежнасці Беларусі.

РР: Але ж быццам бы і беларускія ўлады заяўляюць, што яны таксама выступаюць за захаванне незалежнасці.

Уладзімір Колас: І добра, што так кажуць. Але ж мы ведаем, што ўлады маюць схільнасць рабіць усё ад імя народу, не пытаючыся ў яго. Як гэта робіцца – таксама ведаем. І ўмацоўваць незалежнасць, умацоўваючы стасункі з імперыяй, запускаючы ў краіну расейскія ваенныя базы, – гэта не зусім тое, што трэба ў дадзенай сітуацыі. Таму неабходна сфармуляваць сваё бачанне праблемы.

РР: Вядома, што сярод многіх беларусаў пад уздзеяннем прапаганды пануюць прарасейскія настроі. Можа быць, беларускае грамадства і само хоча ў імперыю?

Уладзімір Колас: Безумоўна, мы ведаем эфект ад уздзеяння агрэсіўнай прапаганды на масавую свядомасць. Таму выходзіць на розныя рэферэндумы без уліку фактара прапаганды – не варта. З іншага боку вельмі важна казаць людзям праўду і кансалідавацца, каб даводзіць гэтую праўду да народа. Кангрэс і мае гэта на мэце.

РР: Ці зацікаўлены ўлады ў правядзенні Кангрэсу за незалежнасць?

Уладзімір Колас: Цяжка сказаць. Мне падаецца, чыноўнікі ўсё разумеюць, але ж яны любяць кантраляваць усе працэсы і не дазваляюць ніякіх праяваў грамадзянскай ініцыятывы знізу. Яны хочуць усё вырашаць самі, каб альтэрнатыўнай думкі нават не ўзнікала. Таму, думаю, калі ўлады і разумеюць важнасць Кангрэсу, то далучацца да форума не будуць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя