Што дасць Беларусі статус назіральніка ў ШАС?



“У першую чаргу атрымае маральнае задавальненне беларускае кіраўніцтва”, – лічыць палітолаг Андрэй Фёдараў.

137389256811

На саміце Шанхайскай арганізацыі (ШАС) быў падпісаны дакумент, які прадастаўляе Беларусі статус дзяржавы-назіральніцы пры гэтай міжнароднай арганізацыі.

Сябрамі ШАС з’яўляюцца Расія, Казахстан, Кіргізія, Кітай, Таджыкістан і Узбекістан. Яшчэ пяць дзяржаваў — Афганістан, Індыя, Іран, Манголія і Пакістан — з’яляюцца назіральнікамі. Беларусь да нядаўняга часу мела статус партнёра па дыялогу з ШАС.

Як заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей, Беларусь у фармаце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва цікавяць праекты ў сферах энергетыкі, сельскай гаспадаркі і транспарту.

Андрэй Фёдараў: Думаю, што гэты статус, акрамя маральнага задавальнення беларускага кіраўніцтва, асабліва нічога не дасць. З усімі краінамі, якія знаходзяцца ў ШАС, мы звязаны ЕЎРАЗЭС, АДКБ, а з Кітаем быццам бы і так добрыя адносіны. Таму не бачу ніякага прарыву.

РР: Але чыноўнікі, мяркуючы па іх заявах, ускладаюць на ШАС вялікія надзеі…

Андрэй Фёдараў: Для чыноўнікаў гэта – чарговы шанц прадэманстраваць электарату, што ні аб якай ізаляцыі гаворка не ідзе. Маўляў, Беларусь дынамічна развіваецца, уступае ў новыя арганізацыі… Але, наколькі мне вядома, Беларусь не мае права нават фармальна да ШАС далучыцца, паколькі гэта рэгіянальная арганізацыя, а мы да рэгіёна не адносімся. Хоць, магчыма, статус назіральніка дазволіць далучыцца да нейкіх праграм. Іншае пытанне: наколькі эканамічна цікавымі будуць гэтыя праграмы?

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя