Што дасць правядзенне Кангрэсу дэмакратычных сілаў?



Намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч мяркуе, што форум можа адбыцца, калі на тое будзе добрая воля апазіцыі.

Шэраг апазіцыйных структураў пакуль устрымліваюцца ад уваходжання ў аргкамітэт Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Напрыклад, лідары кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў і Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін ужо заявілі, што не бачаць неабходнасці ў правядзенні такога мерапрыемства. Ці патрэбны тады форум, калі ён не зможа аб’яднаць усю апазіцыю?

Юрась Губарэвіч: Трэба прызнаць, што сёння апазіцыя не да канца аб’яднаная. Асабліва пасля прэзідэнцкіх выбараў яна распалася яшчэ больш, таму любыя працэсы, якія скіраваны на кансалідацыю, трэба ўспрымаць пазітыўна. Аднак варта заўважыць, што аб’яднанне так ці інакш, але ўсё роўна адбываецца. Напрыклад, сярод правацэнтрысцкіх рухаў ідзе найбольш шчыльная інтэграцыя. Ёсць каардынацыйная пляцоўка, вакол якой структуры і дзейнічаюць. Безумоўна, хацелася б, каб і на левым фланзе адбывалася нешта падобнае. Калі ім для аб’яднання неабходна правядзенне Кангрэсу, то гэта можна толькі вітаць. Няхай будзе і левацэнтрыскае аб’яднанне, бо ў далейшым тады можна казаць пра каардынацыю паміж гэтымі блокамі.

РР: Але той жа Дзмітрыеў і Калякін заявілі, што не бачаць неабходнасці ў правядзенні Кангрэсу.

Юрась Губарэвіч: Тут можна выказаць толькі шкадаванне, што добрая ідэя пра супольную працу не заўсёды можа быць рэалізавана.

РР: Тады што дасць правядзенне дэмакратычнага форуму, калі поўнасцю аб’яднаць апазіцыю ўсё роўна не ўдасца?

Юрась Губарэвіч: Тут трэба быць рэалістам і разумець, што пытанне неабходна вырашаць паступова. Як я ўжо казаў, ёсць каардынацыйная пляцоўка сярод правых. Мне падаецца, што Кангрэс мог бы паспрыяць і стварэнню такой пляцоўкі сярод левых.

РР: На ваш погляд, ці адбудзецца наогул Кангрэс дэмакратычных сілаў?

Юрась Губарэвіч: Гэта будзе залежыць ад добрай волі яе ўдзельнікаў. Калі ў іх на самой справе ёсць жаданне аб’яднацца, то мерапрыемства адбудзецца.

Кастуcь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя