Што думаюць пра прэзідэнцкія выбары палітычныя актывісты Берасця?



Крыху менш за дзевяць месяцаў – такі тэрмін застаўся да выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Менш чым праз паўгады павінна пачацца агітацыйная кампанія. Дагэтуль у дэмакратычнай апазіцыі няма публічна агучанага плану дзеянняў у часе кампаніі, а таксама не прынятая агульная працэдура вылучэння адзінага кандыдата. Старшыня берасцейскай абласной арганізацыі партыі БНФ Зміцер Шыманскі перакананы, што на тое, якім чынам пройдзе прэзідэнцкая кампанія ў Беларусі, будуць уплываць некалькі чыннікаў:

– На маё меркаванне, на маючую адбыцца ў гэтым годзе прэзідэнцкую выбарчую кампанію будзе ўплываць тры чыннікі: па-першае, гэта сітуацыя ва Украіне, фактычна вайна, па-другое, адсутнасць аб’яднання, адсутнасць паразумення паміж апазіцыйнымі сіламі і, па-трэцяе, гэта складаная эканамічная сітуацыя ў Беларусі, фактычна крызіс.

„Удзел у выбарах для кандыдатаў ад партый – гэта вельмі праблемнае пытанне,” – адзначыла старшыня берасцейскай гарадской арганізацыі партыі левых „Справядлівы свет” Людміла Дзянісенка:

– Першае, патрэбна шмат фінансавых сродкаў, другое, кандыдат ад апазіцыі, калі ён і будзе вылучаны адзіны, дзевяць месяцаў для раскруткі, я лічу, што гэта не так і шмат, а да сённяшняга дня прадстаўнікі палітычных партый так і не могуць дамовіцца, ці будзе вылучацца адзіны кандыдат, ці будуць выдучацца кандыдаты ад партый, якія возмуць удзел у выбарах.

Мяркуецца, што выбары на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пройдуць ў лістападзе гэтага году. Большасць прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці адносна законнай змены кіраўніка краіны ілюзій не мае, адзінае, што можа даць кампанія – гэта камунікацыя з грамадствам па актуальных для іх пытаннях і пашырэнне кола грамадска і палітычна актыўных грамадзян.

Беларускае Радыё Рацыя