Што думаюць пра прысуд Надзеі Саўчанцы ва Украіне?



Агалошаны прысуд украінскай лётчыцы Надзеі Саўчанцы. Данецкі суд Растоўскай вобласці прызнаў яе вінаватай і асудзіў да 22 гадоў пазбаўленне волі і 30 000 рублёў штрафу.

Надзею Саўчанку абвінавацілі ў тым, што яна нібыта карэктавала абстрэлы ўкраінскай артылерыі і такім чынам спрычынілася да гібелі расейскіх журналістаў Антона Валошына і Ігара Карнелюка. Пасля чаго ўкраінская лётчыца быццам добраахвотна перайшла ўкраінска-расейскую мяжу і патрапіла ў палон.

0,,18390466_401,00

Адвакаты ўкраінскай лётчыцы даводзілі, што яна была ўзятая ў палон яшчэ да смерці расейскіх журналістаў, што пацвярджаецца шматлікімі сведчаннямі і экспертызамі. Але суд палічыў гэтыя сведчанні “нікчэмнымі”.

Што думаюць пра прысуд ва Украіне?

Наш карэспандэнт Марцін Война апытаў жыхароў Чарнігава.

Андрэй, настаўнік украінскай мовы і літаратуры: Суд над Надзеяй Саўчанкай – гэта расейскі імперскі працэс аўтарства прэзідэнта Пуціна, мэта якога – дыскрыдытаваць Украіну. Гэты суд не можа быць законным, і яго мэта – паказаць грамадзянам Расеі, што ўсе ўкраінцы варожа да іх ставяцца…

Іван, студэнт чарнігаўскага Палітэхнічнага ўніверсітэта: Гэты суд – ганьба, ніякага дачынення да правасуддзя ён не мае. Надзею вызваляць, і дваццаць два гады яна сядзець не будзе.

Сяргей Міхайлавіч, адстаўны вайсковец: Яны ўзялі нашага ўкраінскага афіцэра, незаконна перацягнулі праз кардон у суседнюю краіну і судзілі яе за тое, што яна незаконна той кардон перайшла. Гэта проста нейкі маразм… Далей: пракурор патрабаваў 23 гады, а далі прысуд у 22 гады. У мяне ўражанне, што Пуцін абразіўся на ўсіх украінскіх жанчын, і помсціць. Што тычыцца забойства расейскіх журналістаў – то нахабная мана. На той час, калі тыя журналісты патрапілі пад мінамётны абстрэл, Саўчанка ўжо была захопленая ў палон тымі тэрарыстамі з ДНР, і проста фізічна не магла іх забіць!

Валянціна Іванаўна, пенсіянерка: Што тут можна каментаваць? І так усё зразумела. Саўчанка ні ў чым не вінаватая. Хутчэй бы пабачыць па тэлевізары некралог Пуціна, тады яе выпусцяць дакладна.

Вікторыя, менеджэр: Гэты прысуд – сапраўдны цынізм! Саўчанку вінавацяць у тым, што яна незаконна перайшла ўкраінска-расейскую мяжу, каб яе ў Расеі судзілі… Атрымліваецца, што кожнага з нас можна засунуць у багажнік аўтамабіля, завезьці так у Расею ці ў так званую “ДНР”, а потым абвінаваціць у незаконным пераходзе мяжы. Што тычыцца забойстваў, у якіх лётчыцу вінавацяць, то ў мяне адразу пытанні: а як тыя расейскія журналісты апынуліся на тэрыторыі Ўкраіны? Іх што – Украіна запрашала? Ганьба, ганьба і яшчэ раз ганьба!

Людміла Міхайлаўна, хатняя гаспадыня: Я спачуваю Надзеі. Але цешуся думкай, што прысуд у 22 гады – гэта смешна. Расея столькі не праіснуе. Спадзяюся, гэтая імперыя знікне з сусветветных мапаў значна раней… А таму Саўчанка выйдзе на волю знана раней за той тэрмін, які ёй далі.

За працэсам над украінскай лётчыцай пільна сачылі ўкраінскія журналісты і юрысты. Вось іх меркаванні.

Пётр Антоненка, галоўны рэдактар газеты “Світ-Інфо”: Справа гэтая абсалютна відавочная. Гэта – лагічны працяг расейскай агрэсіі супраць Украіны. Гэты прысуд лагічна ўпісваецца ў сцэнарый расейскай вайны супраць нашай краіны і дэманструе, што Расея не прыслухоўваецца ані да здаровага сэнсу, ані да Еўропы, часткай якой яна яшчэ нядаўна хацела быць. Само сабою зразумела што Украіна падтрымлівае Надзею, і што яна будзе падтрымліваць яе і надалей. Будзем рабіць усё, каб яе вызвалілі. Ёсць міжнароднае права, ёсць міжнародныя суды. Ёсць Міжнародны суд па правах чалавека, куды павінна звярнуцца і сама Саўчанка, і наша дзяржава…

Анатоль Селюх, юрыст: Надзя Саўчанка – яна не першая. У нас багата казацкіх гетманаў згінула там, у Сібіры, з пажыццёвымі тэрамнімі. І прысуды ім не суды давалі, а маскоўскія імператары. Прысуд нашай лётчыцы прагучаў ад першай асобы, і мы гэтую асобу ведаем. У дыктатурах інакш і не бывае. Расея з часоў Сталіна зусім не змянілася. Згадайма палітычныя працэсы 30-х гадоў: пракурор Вышынскі вымагае нейкіх жахлівых прысудаў, а ў гэты самы час, у той жа зале, з патаемнага пакоя, за працэсам назірае сам Сталін… Хто даваў вырак: Вышынскі ці Сталін? Тое ж самае і тут. Вырак дае не суд, вырак дае Уладзімір Пуцін. Калі разбіраць справу з юрыдычнага боку, адразу звяртаю ўвагу на такое: ці можа мець юрыдычную сілу прысуд за злачынствы на тэрыторыі суседняй дзяржавы? Як бы такія злачынствы і былі… Такі працэс мае адбывацца толькі ва ўкраінскім судзе і паводле ўкраінскага заканадаўства. Ці нават у судах тых квазірэспублік, ДНР ці ЛНР. Але як можна судзіць у Расеі грамадзянку Украіны за злачынствы, якія яна нібы здзейсніла на тэрыторыі Украіны? Гэта нонсэнс, гэта па-за міжнароднага права!…

Першым з украінскіх высокапасадоўцаў на прысуд адрэагаваў прэзідэнт Пётр Парашэнка. “Гэта было ганебнае судзілішча, якое краіна-агрэсар зладзіла супраць украінскага афіцэра”, – заявіў прэзідэнт Украіны.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя