Што хвалюе рабочых МТЗ?
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька распавёў пра свой паход на прахадную Менскага трактарнага завода.
“Цi актуальная праграма „Мiльён новых працоўных месцаў„? Цi цiкава рабочым праблема карупцыi? Адказ на гэтыя пытаннi – на прахадных прадпрыемстваў, – напісаў Анатоль Лябедзька ў Facebook. – Сёння, 1 чэрвеня, меў месца мой чарговы паход на прахадную МТЗ. 40 хвiлiнаў пазiтыўных камунiкацый i эмоцый. Мы зразумелыя для людзей. Праграма новых працоўных месцаў i Антыкарупцыйная платформа актуальныя для работнiкаў прадпрыемстваў. Людзi хочуць бачыць пазiтыўную эканамiчную альтэрнатыву. I гэта першы крок, каб зразумець, што для яе рэалiзацыi патрэбны сумленныя выбары”.
Анатоль Лябедзька: Для нас прахадныя на самой справе становяцца пазітыўным месцам. Я ведаў розныя часы. Здаралася, што на прахадной таго ж МТЗ мне кідалі ў вочы: “Забірай манаткі і з’язджай у сваю Амерыку”. Ці кідалі пад ногі нашы скамечаныя інфармацыйныя ўлёткі альбо апазіцыйную прэсу, якую раздавалі. Было і такое. Але ўчора назіраўся адзін суцэльны пазітыў. Ніводнай злой рэплікі, людзі з вялікім задавальненнем разбіралі нашыя матэрыялы. Іх цікавіць усё тое, што датычна новых працоўных месцаў, Антыкарупцыйнай платформы. На гэтыя знакавыя словы рэакцыя была пазітыўнай, нягледзячы на тое, што многія спяшаліся дахаты пасля працы.
РР: Ці пазнаюць людзі прадстаўнікоў апазіцыі?
Анатоль Лябедзька: Некаторыя падыходзілі і пазнавалі. Казалі, што трэба нешта мяняць у краіне. Людзі прагнуць эканамічнай альтэрнатывы – пасля паходу на МТЗ я гэта пацвярджаю. Увогуле, галоўнае, што іх сёння хвалюе – боязнь згубіць працоўныя месцы, невялікія заробкі, карупцыя і тое, што ўлада іх не чуе.
РР: Але, як мне падаецца, многія рабочыя баяцца казаць пра гэта ўслых і нават не называюць прозвішчы падчас размовы…
Анатоль Лябедзька: Ніхто ж не кажа, што ўчора мы схадзілі на прахадную МТЗ, пагутарылі з людзьмі, і заўтра яны адкрыта пачнуць абурацца, каб адстойваць свае інтарэсы. Страх застаецца. Але, як мне падаецца, мы знайшлі масток да рабочых – гэта праграма стварэння новых працоўных месцаў. І праз гэты масток можам выйсці на разуменне, што, каб гэтую праграму можна было рэалізаваць, неабходны празрыстыя і сумленныя выбары. Ніякай іншай стратэгіі на сёння я не бачу. Зараз людзі бяруць інфармацыйныя матэрыялы, заўтра яны могуць прыйсці на нейкія нашы мерапрыемствы. Такім чынам трэба пашыраць кола актыўных удзельнікаў палітычнага працэсу. Хоць я разумею, што многія – пасіўныя прыхільнікі пераменаў.
РР: Ці распавядалі вам людзі пра сітуацыю на прадпрыемстве?
Анатоль Лябедзька: Так, і не адзін не сказаў, што на МТЗ усё “супер”. Рабочыя казалі, што праца то ёсць, то няма, што заробкі зменшыліся. Нядаўна мы такую ж сустрэчу ладзілі ў Гомелі, народ прызджаў нават з раёнаў. І кожны прыводзіў прыклады па праблеме занятасці. Прадпрыемствы ў малых гарадах спыняюцца, заробкі – на ўзроўні 2-3 мільёнаў. Сёння людзям важна, каб іх пачулі…
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота wikimapia.org