Што можа атрымацца з трансфармацыі саюзнай дзяржавы?
Адзін з кіраўнікоў кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў распавёў пра тое, што можа атрымацца з трансфармацыі саюзнай дзяржавы.
Учора Уладзімір Пуцін падчас прамой лініі чарговы раз адказаў на пытанне, калі ж адбудзецца аб’яднанне Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву.
Са слоў Пуціна, “сёння не стаіць пытанне аб’яднання ў адну дзяржаву. Размова ідзе пра рэалізацыю дамовы, якая была падпісана шмат гадоў таму, пра стварэнне так званай саюзнай дзяржавы. Гэта не адзіная дзяржава, не адно і тое. Хаця, праўда, ёсць шмат агульных элементаў: стварэнне саюзнага парламента, увядзенне адзінай валюты…”
Андрэй Дзмітрыеў: Думаю, што справа стварэння саюзнай дзяржавы сыйдзе ў вельмі доўгія перамовы. Гэта будзе бясконцы дыялог і замыльванне пытання. Тым больш, што апошнія рашэнні Масквы, якія звязаны з падаткавым манеўрам, паказваюць, што многія рэчы, на якія Беларусь ішла, калі пагаджалася на саюзную дзяржаву, сталі неактуальнымі. Ніякага прыбытку мы не атрымаем нават блізка.
РР: Тады што ў выніку атрымаецца?
Андрэй Дзмітрыеў: Зараз мы бачым чарговую спробу рэанімаваць старую дамову 1996 году, але гэта не рэалістычна. З таго часу і Беларусь моцна змянілася, і Расея. Патрэбны новыя падыходы да агульнага супрацоўніцтва, і тут найперш трэба сыходзіць з пазіцыі будучыні. Трэба быць больш смелымі і пачаць казаць адзін аднаму праўду, чаго мы хочам, а што не хочам.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя