Што можна і што нельга былым палітвязням на волі?



Юрыст Павел Сапелка распавядае, якім чынам будзе дзейнічаць прафілактычнае назіранне за былымі палітзняволенымі.

Органы правааховы ўстанавілі кантроль практычна за ўсімі былымі палітвязнямі, якія былі вызвалены 22 жніўня.

Напрыклад, над актывістам анархісцкага руху Ігарам Аліневічам прафілактычнае назіранне будзе доўжыцца 5 гадоў. Такая ж мера прыменена да Яўгена Васьковіча.

На два гады ўстаноўлена прафілактычнае назіранне на грамадскім актывістам з Гомеля Юрыем Рубцовым, а ў адносінах экс-кандыдата на пасаду прэзідэнты ў 2010 Мікалая Статкевіча гэтая ж мера кантролю ўстаноўлена аж на восем гадоў.

Павел Сапелка: Мера прафілактычнага назірання прымяняецца практычна да ўсіх, хто выйшаў з месцаў пазбаўлення волі. Гэта мінімальнае абмежаванне, якое звязана з абавязкам паведамляць, што змяняеш месца жыхарства, па патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі трэба з’яўляцца да іх і распавядаць пра свой вобраз жыцця… Але прафілактычнае назіранне можа трансфармавацца ў прэвентыўны нагляд. Напрыклад, калі назбіраецца тры адміністрацыйныя правапарушэнні цягам года.

РР: Прэвентыўны нагляд – гэта ўжо больш жорсткая мера?

Павел Сапелка: Так. Па ступені абмежавання волі прэвентыўны нагляд ідзе як крымінальнае пакаранне. Напрыклад, чалавек не зможа некуды ездзіць па-за межы месца жыхарства, павінен знаходзіцца дома з 20 да 8 раніцы. Наяўнасць прафілактычнага нагляду азначае, што судзімасць застаецца непагашанай. Але, паўтаруся, само прафілактычнае назіранне на накладае вялікіх абавязкаў на тых, хто выйшаў на волю.

РР: Адным словам, былым палітвязням трэба быць асцярожнымі, каб не патрапіць пад адміністрацыйныя справы?

Павел Сапелка: Так, у гэтым плане іх актыўнасць у нейкім сэнсе будзе скавана.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота tut.by