Што не так з беларускай незалежнасцю
Сучасная незалежнасць Беларусі пачынаецца ад 25 жніўня 1991 году. Тады набыла канстытуцыйны статус дэкларацыя пра незалежнасць ад 27 ліпеня 1990 году.
27 ліпеня – добрая нагода паразважаць пра незалежнасць Беларусі.
Вырашылі святкаваць дзень дэкларацыі, а не дзень фактычнай незалежнасці, якая наступіла пасля правалу путчу ў Маскве 18-21 жніўня 1991 году.
Лукашэнка дзяржаўнае свята, якое звалася Днём Незалежнасці, скасаваў, апазіцыя яшчэ некаторы час выкарыстоўвала 27 ліпеня як нагоду для акцый пратэстаў.
Вядомая песня гурту NRM «25, 26, 27». Тры даты асноўных апазіцыйных акцый у 1990-х. 25 сакавіка – Дзень Волі, 26 красавіка – Чарнобыльскі Шлях, і 27 ліпеня – Дзень Незалежнасці.
Урэшце актуальным застаўся толькі Дзень Волі.
У прынцыпе, тое, чым займаліся і займаюцца людзі пад бел-чырвона-белым сцягам, яны, то бок, мы, працягваем адстойваць дэкларацыю пра стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы ад 25 сакавіка 1918 году.
Бо па дакументах Беларусь як бы беларуская і як бы незалежная, але па факце яна працягвае расеезавацца і культурна, і палітычна.
Лукашэнка адразу зрабіў стаўку на згубу часткі суверэнітэту Беларусі, каб не рабіць рэформы і сядзець на шыі ў Крамля.
Бо рэформы заўжды балючыя для вялікай часткі грамадства. І Лукашэнка згубіў бы падтрымку свайго электарату, большасць якога пашпарты атрымалі ў дарослым узросце, а так былі невыязнымі са сваіх калгасаў.
Таму на той час малады яшчэ недадыктатар і прыдумаў свой «Дзень незалежнасці» 3 ліпеня, які дзіўным чынам супадаў з Днём гораду Менску ў савецкай версіі. А лукашэнкаўскі электарат любіў ездзіць у Менск на салют.
У самім Менску каля васьмідзесяці працэнтаў не галасавалі за мітуслівага і злобнага крыкуна, якім Лукашэнку бачылі падчас трансляцыяў з сесіяў Вярхоўнага Савету.
Па ўсёй Беларусі за беларускую, дэмакратычную і рэальна незалежную дзяржаву выступала каля чвэрці грамадзянаў. Астатнія былі абыякавымі да незразумелых абстракцый.
Для камуністычнай большасці ў Вярхоўным Савеце ідэя незалежнасці падавалася чымсьці фантастычным і дзікім. Як жыць без Масквы?!
Колішні дэпутат Вярхоўнага Савету ў складзе апазіцыйнай фракцыі БНФ Сяргей Навумчык ва ўспаміне пра Дэкларацыю пра незалежнасць згадвае (цытую паводле «Радыё Свабода»):
«І толькі пасля таго, як …Міхаіл Гарбачоў даў каманду кіраўнікам рэспублік …прыняць дэкларацыі аб суверэнітэце, каб знівеляваць дэкларацыю, прынятую Вярхоўным Саветам РСФСР на чале з Барысам Ельцыным, гэтае пытанне ўнеслі ў парадак дня».
Волевыяўленне беларускага народу адбылося са зменай генерацыяў – у 2020 годзе.
Сапраўдны Дзень Незалежнасці ў нас наперадзе.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя