Што падпішуць 8 снежня Лукашэнка і Пуцін?



8 снежня Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін павінны падпісаць праграму і пакет дарожных мапаў, а таксама шэраг пагадненняў па інтэграцыі. Падпісанне прымеркавана да 20-годдзя Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Анатоль Лябедзька: Сцэнароў можа быць некалькі. Усё-такі дата прымушае лідараў Расеі і Беларусі больш-менш прыстойна выглядаць у вачах свайго электарату.

Трэба будзе сказаць народу і беларускаму кіраўніку, што ён не дарэмна патраціў столькі часу, цягнучы Беларусь у абдымкі Расеі. Бо тады ўзнікае лагічнае пытанне: а навошта нам такі прэзідэнт?

І гэта тое, што матывуе Лукашэнку нешта падпісаць. Няхай нават гэта будзе, што называецца, «пустышка». Гэта для афіцыйнага Менска быў бы добры варыянт: нешта падпісаць, але без аніякіх палітычных наступстваў.

РР: А якая задача стаіць перад Крамлём?

Анатоль Лябедзька: Падпісаць такі дакумент, каб ён дазваляў хаця б на адну дзірачку зацягнуць беларускі ашыйнік. І якраз вакол гэтага зараз ідзе барацьба.

Аляксандру Лукашэнку не хочацца нічога падпісваць, але і нічога не падпісаць – яшчэ горш. Таму, відаць, будзе шукаць нейкую сярэдзіну.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя