Што паспрыяла адрыву Зяленскага ад Парашэнкі?
Што паспрыяла рэкорднаму разрыву паміж кандыдатамі на пасаду прэзідэнта Украіны?
На гэтае пытанне адказаў украінскі палітолаг Сяргей Стуканаў.
На яго думку, адной з прычын сталі дэбаты на стадыёне. Людзі, якія вагаліся перад выбарам, пераважна схіліліся на бок Зяленскага, бо Парашэнка абраў няслушную стратэгію на выступ. Але былі і іншыя прычыны, кажа Сяргей Стуканаў:
– Уладзімір Зяленскі з-за неканкрэтнасці, з-за таго, што падчас перадвыбарчай кампаніі практычна не раскрываў карты, ён стаў свайго кшталту спадзяваннем, вобразам спадзявання, якое на яго ўсклалі людзі з цалкам супрацьлеглымі поглядамі. Тут важна дадаць, што па сутнасці Парашэнка за пяць гадоў скаціўся з лібералізму да кансерватызму.
Падчас прэзідэнцкай кадэнцыі Пятра Парашэнкі становішча ўкраінскай мовы як адзінай дзяржаўнай ва Украіне істотна ўзмацнілася. Аднак абранне на пасаду прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага можа даць шанец тым, хто марыць пра так званы „моўны рэванш”, і зноў рэзка пашырыць сферу ўжытку расейскай мовы. Цалкам магчымае змяншэнне абавязковай квоты на выкарыстанне ў радыёэфіры ўкраінскай мовы, кажа журналіст:
– На дэбатах ён намагаўся размаўляць па-ўкраінску, пасля агалошання вынікаў гаварыў з журналістамі па-ўкраінску. Зразумела, што на публіцы ён будзе выкарыстоўваць украінскую мову, а вось адносна яго палітыкі, могуць зменшыць квоты на радыё. Хутчэй за ўсё з яго боку будуць рабіцца спробы палепшыць становішча расейскай мовы, я ў гэтым не сумняюся.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Тым не менш, такіх рэзкіх і антыканстытуцыйных спробаў надаць расейскай мове статус другой дзяржаўнай, як гэта зрабіў Лукашэнка ў Беларусі і намагаўся зрабіць ва Украіне Януковіч, ад Зяленскага наўрад ці варта чакаць. Але гэта мала супакойвае патрыятычныя сілы, якія баяцца чарговага этапу ўціску на ўкраінскую мову.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя