Што піша сусветная прэса пра Беларусь?



Украіна абвінавачвае Расею ў падрыхтоўцы атакі пад «фальшывым сцягам» на нафтаперапрацоўчы завод у Беларусі, каб ускласці віну на кіеўскіх дыверсантаў і ўцягнуць Менск у вайну, Польшча і Літва чакаюць «правакацый» з боку ПВК «Вагнера» ў Беларусі, Польшча можа закрыць мяжу з Беларуссю. Еўропа ўвяла новыя санкцыі супраць Беларусі.

Што піша сусветная прэса пра Беларусь – у аглядзе Антона Разумоўскага. 

Служба бяспекі Ўкраіны (СБУ) абвінаваціла Расею ў падрыхтоўцы атакі пад «фальшывым сцягам» на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод у Беларусі, каб абвінаваціць украінскіх дыверсантаў у рамках намаганняў уцягнуць Менск у вайну ва Ўкраіне, піша брытанская The Dailymail.

Напад, як гаворыцца ў заяве, будзе здзейснены ваеннымі і выведвальнымі сіламі, накіраванымі Масквой у Беларусь пад выглядам наймітаў „Вагнера”, якія былі сасланыя пасля паўстання ў Расеі ў чэрвені.

Лідары краін-сябраў NATO Польшчы і Літвы перасцераглі ў чацвер ад «правакацый» і «дыверсійных дзеянняў» з суседняй Беларусі з боку перабазіраваных членаў расейскай ПВК «Вагнер». Гэта папярэджанне прагучала праз некалькі дзён пасля таго, як два беларускія верталёты ўварваліся ў паветраную прастору Польшчы і ўзмацнілі хваляванне ў краіне, чытаем у The New York times

«Нашым адказам на правакацыю з’яўляецца павелічэнне колькасці Войска Польскага на ўсходняй мяжы краіны шляхам перадыслакацыі войскаў з захаду», – заявіў у чацвер міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак на сустрэчы з камандуючымі войскамі ў Беластоку.

Варшава накіравала войскі да мяжы, абвінаваціўшы Беларусь у парушэнні сваёй паветранай прасторы. Польскія вайскоўцы кажуць, што армейскія верталёты перасеклі ўсходні фланг, узмацніўшы напружанасць, выкліканую блізкасцю наймітаў „Вагнера”, піша The quardian. Беларускія вайскоўцы адмаўлялі любое такое парушэнне і абвінавацілі Польшчу ў тым, што яна выдумала гэтае абвінавачванне, каб апраўдаць нарошчванне сваіх войскаў.

Тым часам урад Польшчы разглядае поўнае закрыццё мяжы з Беларуссю ў якасці адной з мер абароны краіны на фоне пагаршэння сітуацыі з бяспекай у сувязі з размяшчэннем у суседняй краіне «Групы Вагнера», піша «Укрінформ”.

Пра гэта ў інтэрв’ю СNN заявіў намеснік кіраўніка МЗС польшчы Павел Яблонскі. Польшча разглядае любыя крокі, неабходныя для абароны сваёй тэрыторыі і грамадзян, у тым ліку «поўную ізаляцыю» Беларусі, поўнае закрыццё мяжы, сказаў ён. На думку Яблоньскага, закрыццё мяжы з Беларуссю было б крайняй мерай, якой Варшава па магчымасці хацела б пазбегнуць, але калі напады і спробы дэстабілізаваць краіну будуць працягвацца, у Польшчы не будзе іншага выйсця, дадаў намеснік міністра.

Рада Еўропы пашырыла санкцыі супраць Беларусі ў мэтах захавання ціску на Менск за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне,  піша Baltik news network

Новыя санкцыі забяспечаць больш жорсткую каардынацыю антырасейскіх і антыбеларускіх санкцый, а таксама ўскладняць абыход санкцый супраць Расеі за кошт Беларусі. Рада Еўропы таксама ўвяла новыя абмежаванні на агнястрэльную зброю і боепрыпасы, а таксама на экспарт тавараў і тэхналогій, звязаных з авіяцыйнай і касмічнай прамысловасцю. Новыя санкцыі былі прынятыя тэрмінова, таму што важна пераканацца, што санкцыі не абыходзяць, гаворыцца ў заяве Еўракамісіі.

ЕЗ «будзе працягваць падтрымліваць Украіну і яе народ разам са сваімі міжнароднымі партнёрамі, у тым ліку праз дадатковую палітычную, фінансавую, ваенную і гуманітарную падтрымку столькі, колькі гэта будзе неабходна», гаворыцца ў заяве Еўракамісіі.

Аляксандр Лукашэнка падчас адкрыцця Гульняў СНД у Менску назваў спартовыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі «прыкметай слабасці», звярнула ўвагу Inside the games. Гульні праходзяць у той час, калі расейскія і беларускія спартоўцы сутыкаюцца з абмежаваннямі на сусветнай спартовай арэне ў адказ на вайну ва Украіне. Згодна з умовамі нейтралітэту Міжнароднага алімпійскага камітэта, спартоўцы з Расеі і Беларусі не маюць права выступаць пад сцягам і гімнам сваёй краіны і не маюць права насіць нацыянальную форму. Некалькі міжнародных федэрацый наклалі поўную забарону на ўдзельнікаў з дзвюх краін. У сваім выступе на цырымоніі адкрыцця Лукашэнка заявіў, што «свет маленькі, узаемазалежны, узаемазвязаны, і толькі вар’яты спрабуюць разарваць сувязі». «Мы дастойна правядзем гэты спартовы форум», — сказаў Лукашэнка.

Былы віцэ-міністр Польшчы і дэпутат Кшыштаф Талвіньскі падчас візіту ў Беларусь сцвярджаў, што вагнераўцы змагаліся «за справядлівую справу», а польскія ўлады былі «безадказнымі і дыктатарскімі». Гэта чарговы візіт Талвіньскага ў краіну, якой кіруе рэжым Аляксандра Лукашэнкі, піша выданне Wprost. Кшыштаф Талвіньскі шмат разоў мяняў палітычную афарбоўку. Спачатку уступіў у PSL, потым у PiS і двойчы балатаваўся ў Сейм са спісаў гэтай партыі, пазьней быў звязаны з Kukiz’15, нарэшце, з Канфэдэрацыяй, шэрагі якой пакінуў у 2021 годзе. Некалькі месяцаў таму ён заснаваў сваю партыю Фронт, асноўныя пазіцыі якой: «вызваленне ад палітычнага пратэктарату ЗША» або супрацоўніцтва з Расеяй і Беларуссю. Ён сцвярджаў, што 30 працэнтаў палякаў «ня хочуць ніякага канфлікту» — ні з Расеяй, ні з Беларуссю.

Беларускае Радыё Рацыя