Што прынясуць кадравыя змены ў польскім МЗС?
Пасол Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік падаў у адстаўку. Прызначэнне новага міністра замежных спраў Польшчы Яцэка Чапутовіча супала з навіной аб адстаўцы Конрада Паўліка. Дакладныя прычыны адстаўкі дыпламата пакуль невядомыя.
Кадравыя змены ў польскім МЗС каментуе доктар палітычных навук Павел Усаў:
– Постаць Чапутовіча збольшага нічога не будзе вырашаць, і нават крытычнае стаўленне да аўтарытарнага беларускага рэжыму, канцэпцыі знешняй палітыкі Польшчы ці ўвогуле падыходу Польшчы да аўтарытарнага рэжыму, бо агульна знешняя палітыка фармуецца не Міністэрствам замежных спраў, а толькі Яраславам Качыньскім.
Конрад Паўлік быў паслом Польшчы ў Беларусі з лютага 2016 года. Менавіта за мінулыя два гады адбылося пацяпленне дыпламатычных дачыненняў паміж Менскам і Варшавай. Працягвае Павел Усаў:
– Не думаю, што былі нейкія сур’ёзныя правалы ў дзейнасці Паўліка. На маю думку, ён быў не горшы за папярэдніх дзеячаў, хоць і выконваў гэтую функцыю не так доўга – дзесьці паўтара года. За гэты час цяжка даць характарыстыку. Варта ўзгадаць, што пашырыў сваю дзейнасць Польскі інстытут у Менску, што таксама даволі моцны плюс.
На афіцыйным інтэрнэт-сайце Пасольства Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік дагэтуль пазначаны як надзвычайны і паўнамоцны Пасол Польшчы ў Беларусі. Афіцыйных каментароў на гэтую тэму з боку польскага МЗС пакуль не было.
Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота аўтара