Што прынясуць парламенцкія выбары ў Польшчы? 



У Польшчы 13-га кастрычніка адбыліся парламенцкія выбары. Зараз ідзе падлік галасоў, і Цэнтральная выбарчая камісія агучвае папярэднія вынікі. 

Пра выбары ў Польшчы гутарым са старшынём Управы Беларускага Радыё Рацыя, кіраўніком Беларускага саюза ў Польшчы Яўгенам Вапам.

РР: Хочам абмеркаваць з Вамі парламенцкія выбары, якія адбыліся ў Польшчы. Якія наступствы яны будуць мець для Польшчы і як яны паўплываць на жыццё беларусаў на Падляшшы? Бо іх называюць найважнейшымі ажно за 30 гадоў.

Яўген Вапа: Так, выбары – рэч вельмі важная. Але я хачу крыху дыстанцыянавацца ад гэтай выбарчай ліхаманкі і яе аналізу і павіншаваць  усіх настаўнікаў. Бо сёння ў Польшчы Дзень нацыянальнай адукацыі і Дзень настаўніка. Таму сардэчна віншую ўсіх настаўнікаў, якія сваёй працай выхоўваюць новыя пакаленні. Асабліва віншую ўсіх настаўнікаў беларускай мовы тут, на Падляшшы, якія сваё сэрца ўкладаюць у тое, каб беларуская мова надалей была прысутная ў нашым грамадстве.

РР: А ў Вас сёння свята ў сувязі з папярэднімі вынікамі выбараў?

Яўген Вапа: Калі гаварыць у маштабе краіны, то гэта свята ўсіх грамадзян Польшчы. Выбарчая яўка, якая дасягнула амаль 62% паводле апытальнікаў, – гэта доказ таго, што людзі пайшлі галасаваць. Людзі пайшлі аддаць свой голас і бачыць ад гэтага эфект. Трэба сказаць, што гэта самая вялікая выбарчая яўка з 1989 года. І калі мы бачым, што на выбарчых участках у Польшчы і асабліва за мяжой, дзе стаялі вялікія чэргі, людзі 2 – 3 гадзіны стаялі, каб прагаласаваць,  – гэта гаворыць пра вялікую адказнасць.  І пераможцамі ёсць усе грамадзяне. І выбары цікавыя, бо да канца мы пакуль нічога не ведаем. Мы будзем ведаць, калі будуць падсумаваныя апошнія вынікі. РР: У любым выпадку вялікі адрыў, і можна сказаць, што захоўвае свае пазіцыі “ПіС” яшчэ на чатыры гады.

Яўген Вапа: Так, але ёсць пытанні, цягам дня будуць ісці вынікі з вялікіх гарадоў. “ПіС” выйграе, але ёсць пытанне, ці будзе гэта самастойнае кіраванне. Парламент мае 460 галасоў. А каб кіраваць самастойна патрэбны 231 голас. Трэба чакаць апошніх вынікаў, якія агучыць Цэнтральная выбарчая камісія. Нагадаю, што гэта вельмі важныя выбары. Бо мы маем у Польшчы выбарчую трыяду. У мінулым годзе былі выбары ў Еўрапарламент. Зараз маем выбары ў Сейм. І праз год – прэзідэнцкія выбары ў Польшчы.

Калі ўчора я цікавіўся аналітыкай, то трэба сказаць, што “ПіС” выйграла ва ўсіх узроставых катэгорыях.

РР: Вы лічыце, што тут сваю ролю адыграла сацыяльная палітыка, якую праводзіць “ПіС”: падтрымка маладых, маладых сем’яў, праграма “500 +”?

Яўген Вапа: Гэта відавочна, але тое, што мяне ўразіла, напрыклад, вынік Канфедэрацыі скрайне правай і антынацыянальнай партыі, якая ў катэгорыі маладых людзей 18 – 29 гадоў, там выйграла “ПіС” з  невялічкай перавагай над “Грамадзяскай платформай”, але звыш 20% маладых людзей, паводле апытальнікаў, прагаласавалі за Канфедэрацыю. Гэта мяне вельмі ўразіла, што сярод маладога пакалення ёсць такі выразны скрайне правы падыход. Я на гэта гляджу з пэўнай асцярогай. Але пажывем, пабачым.

Калі казаць пра вынікі, мы можам параўноўваць з тым, што было чатыры гады таму. “ПіС” мела больш за 37% галасоў, зараз 43%. Калі сумаваць галасы, якія мелі чатыры гады таму “Новочэсна” і “Грамадзянская платформа” , якія асобна ішлі, а сёння ідуць разам, то колькасць галасоў разам цяпер меншая, чым тады. Саюз левых дэмакратаў, які тады выпаў увогуле, не ўвайшоў у Сейм, цяпер мае больш за 10%, і гэты вынік для іх будзе, верагодна, паспяховым. І “Сялянская партыя” разам з “Кукіз” – каля 10%. І Канфедэрацыя – каля 6%. Мабыць і яны будуць у Сейме. Гэта новая з’ява. Партыя канкрэтна прарасейская і антынацыянальная, не любіць нацыянальных меншасцяў. І калі глядзець на ўсе гэтыя змены, то “ПіС”  усё ж такі ёсць той партыяй, якую падтрымліваюць выбаршчыкі, якія маюць кансерватыўныя погляды.

Яўка на выбарах склала 61,6% ад агульнага ліку выбарцаў. У парламенцкай кампаніі грамадзяне абіралі 460 будучых дэпутатаў Сейма і 100 сенатараў заканадаўчай ўлады.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Гутарыў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя