Што прывязе Аляксандр Лукашэнка з Кітая?



Палітолаг Андрэй Фёдараў распавядае, што краіна можа займець ад візіта беларускага кіраўніка ў Кітай.

2013071709453439561

Аляксандр Лукашэнка 1-3 верасня з рабочым візітам наведае КНР, дзе возьме ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прымеркаваных да 70-годдзя перамогі ў антыяпонскай вайне і заканчэння Другой сусветнай вайны, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Падчас візіту запланаваны таксама шэраг сустрэч Лукашэнкі з кіраўніцтвам Кітая.

Ва ўрачыстасцях возьмуць удзел прадстаўнікі 49 краін, у тым ліку лідары і кіраўнікі ўрадаў 30 краін.

Андрэй Фёдараў: Не думаю, што візіт дасць нейкія вялікія вынікі, бо падчас урачыстасцяў наўрад ці будзе ў кіраўніцтва Кітая час і жаданне абмяркоўваць з Лукашэнкам нейкія глабальныя пытанні. Так што гэта хутчэй цырыманіяльны візіт.

РР: Тым не менш, падчас візіту запланаваны шэраг сустрэч Лукашэнкі з кіраўніцтвам Кітая. Магчыма, размова ізноў пойдзе пра крэдыты?

Андрэй Фёдараў: Не выключана. Хоць мне здаецца, што Пекіну ў такой сітуацыі будзе не да гэтага. Можа адбыцца сімвалічная сустрэча, але наўрад ці размова пойдзе пра нешта сур’ёзнае.

РР: Ці ёсць у апошні час прагрэс у беларусака-кітайскіх стасунках?

Андрэй Фёдараў: Кантакты на самым высокім узроўні падтрымліваюцца пастаянна, ідуць нейкія сумесныя эканамічныя праекты, але казаць пра прарыў у адносінах казаць нельга. У Кітаі зараз эканоміка таксама не ў самым лепшым стане. І чакаць, што КНР пачне ўліваць вялізныя сродкі ў беларускую эканоміку, не даводзіцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота chinanews.com