Што сказаў Анатоль Лябедзька ў час апошняга пікету?
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў, што подпісы, якія сабраны за яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты, не будуць перададзеныя ў Цэнтрвыбаркам.
Пра гэта ён заявіў на пікеце ў Менску, каля Камароўскага рынку. Ініцыятыўнай групе Анатоля Лябедзькі не ўдалося сабраць неабходныя для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў. Але, як падкрэсліў палітык, праца ў рамках выбарчай кампаніі – працягнецца:
– Калі бы ў нас былі выбары, мы сабралі бы 100 тысяч подпісаў, мы разбіліся бы ў ляпёшку. У нас была матывацыя, мы адносіліся да гэтага, як да палітычнай кампаніі. Мы ясна сфармулявалі нашыя задачы: прасоўванне нашай альтэрнатыўнай праграмы “Мільён працоўных месцаў”, збіраць доказы, што няма сумленных,свабодных выбааў і шукаць удзельнікаў новаа палітычнага працэсу. Мы ў значнай ступені маем вынікі па трох гэтых пунктах, і мы будзем працягваць далей працу.
Паводле Анатоля Лябедзькі, артыкул 45 Выбарчага кодэксу дазваляе сябрам палітычных партый ды ўвогуле ўсім грамадзянам бесперашкодна распаўсюджваць інфармацыю, падтрымліваць тую ці іншыю праграму, агітаваць ЗА ці Супраць таго ці іншага кандыдата.
„Таму мы маем намер выкарыстаць гэты артыкул і працаваць далей. Працягуць збор подпісаў, толькі ўжо за праграму „Мільён працоўных месцаў”, за новы эканамічны курс”, – сказаў палітык.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя