Што скажа Еўропа?
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька мяркуе: шанцы на тое, што Еўразвяз поўнасцю здыме санкцыі з Беларусі – пяцьдзесят на пяцьдзесят.
Як ужо паведамлялася, 15 лютага кіраўнікі МЗС краін Еўразвяза абмяркуюць “беларускае пытанне”.
Да 29 лютага ЕЗ павінен вызначыцца наконт далейшага лёсу абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі.
Анатоль Лябедзька: Шанцы на поўную адмену санкцый альбо іх працяг – пяцьдзесят на пяцьдзесят. Сёння сярод еўрапейцаў няма адзінства ў тым, што далей рабіць. Ёсць прагматычны падыход і ёсць каштоўнасны. Куды яны хіснуцца – сказаць даволі складана. Тут моцна ўплываюць знешнія чыннікі, бо ўнутры Беларусі мала што змянілася. Практычна нічога. Тыя чыннікі, якія прывялі да ўвядзення кропкавых фінансавых і візавых абмежаванняў, засталіся. Але якія змены адбыліся? Змянілася сітуацыя ў свеце наўкол нас, і гэта неабходна прымаць да ўвагі.
РР: Якая з гэтай нагоды ваша пазіцыя?
Анатоль Лябедзька: Я выступаю за тое, каб санкцыі поўнасцю не адмяняліся, і ў лепшым выпадку яны засталіся б у сёняшнім стане. Зняццё санкцый дэматывуе ўладу нешта рабіць унутры краіны. Па-другое, гэта дэматывуе прыхільнікаў еўрапейскага выбару ў Беларусі.
РР: Беларускія ўлады, наколькі вядома, спадзяюцца на поўную адмену санкцый…
Анатоль Лябедзька: Яны працуюць у гэтым накірунку па дыпламатычных каналах, выкарыстоўваюць усе мажлівасці. На мой погляд, прысутнічае нават нейкі дробны шантаж, у ход ідуць заявы, што ўлады будуць лепшымі, але змены адбудуцца з часам… Для афіцыйнага Менску вельмі істотна, каб санкцыі знялі. Гэта і палітычны фактар, і адкрывае шлюзы для эканамічнай працы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя