Што стаіць за магчымым закрыццё замежных амбасадаў?
Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін патлумачыў, ці мэтазгодна сёння закрываць некаторыя амбасады.
Як вядома, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не бачыць сэнсу захоўваць амбасады Беларусі ў шэрагу краін з-за таго, што, паводле яго слоў, перспектывы беларускай дыпламатычнай прысутнасці ў некаторых дзяржавах не праглядаюцца.
Сяргей Калякін: Думаю, да такой заявы падштурхнуў шэраг абставін. Адна з іх заключаецца ў тым, што ў краіне катастрафічна не хапае рэсурсаў, каб, у тым ліку, утрымліваць і дыпламатычныя прадстаўніцтвы.
Па-другое, на мой погляд, сёння ў Беларусі маецца дэфіцыт кваліфікаваных дыпламатаў. Відаць, ёсць апасенні, што некаторыя дыпламаты могуць узяць на ўзбраенне прыклад сваіх асобных папярэднікаў, якія пакінулі дыпламатычную службу ў знак пратэсту супраць рэпрэсій, што праходзілі і праходзяць у нашай краіне.
І трэцяе. Не выключаю, што скарачэнне дыппрадстаўніцтваў можа быць звязана з некваліфікаваным дзяржаўным кіраваннем. Было ж заяўлена, што некаторыя амбасады не садзейнічаць прасоўванню беларускіх тавараў, а значыцца такія прадстаўніцтвы таксама не патрэбны. Але гэта поўнае глупства, бо амбасада – гэта не толькі гандлёвае прадстаўніцтва, хаця для многіх дыпламатаў на самай справе была пастаўлена першасная задача – павелічэнне гандлёвага абароту.
Таму пэўны сэнс у аптымізацыі дыпламатычнага прадстаўніцтва за мяжой у мэтах эканоміі сродкаў ёсць. Але гэта прывядзе да таго, што знешні тавараабарот будзе змяншацца. І не будзе каму развіваць двухбаковыя адносіны ў тых краінах, дзе ў нас недастаткова добрыя стасункі на гэты момант.
РР: Такая сітуацыя для краіны ўпершыню складваеца, што збіраемся закрываць амбасады?
Сяргей Калякін: Былі і раней крызісныя сітуацыі. І дапламатаў раней прымушалі “разгружаць склады”, гэта ж не сёння ўзнікла. Але ўпершыню такі маштаб, пра які было заяўлена. Гэта гаворыць пра тое, што не ўсё добра ў нашым каралеўстве.
РР: Зараз працягваецца супрацьстаянне з Захадам, гучыць негатыўная рыторыка ў адрас шэрагу суседніх краін. Гэта паўплывала на тое, што дадзена даручэнне скараціць дыпламатычныя прадстаўніцтвы?
Сяргей Калякін: Так, але такая пазіцыя, на мой погляд, не вельмі разумная. Самаізаляцыя, знаходжанне ў вакууме нічога добрага не нясе ні для гэтага рэжыма, ні для развіцця краіны. І ўсе гэтыя палітычныя гульні будуць аплочвацца з кішэні беларускага народа.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Народная Воля