Што такое акно магчымасцяў для беларусаў
Спойлер – наяўнасць легальных ці падпольных грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць канкрэтны план на момант палітычнага крызісу ў краіне.
І патэнцыйую падтрымку шырокіх масаў.
Можа гэта чарговы шанец? – Пачаў бачыць я рэплікі беларусаў у звязку з відавочным унутры ўладным крызісе ў Расеі.
У тым, што сістэмны крызіс у Расейскай Федэрацыі дасць шанец не толькі беларусам, але ўсім залежным ад крамля нацыянальным супольнасцям, сумневу няма.
У Расейскай імперыі пачатак распаду адбыўся ў 1917 годзе, калі шэраг краін сталіся свабоднымі: Польшча, Фінляндыя і краіны Балтыі.
У 1991 годзе надышоў другі этап: вызваліліся чатырнаццаць савецкіх рэспублік.
З акна магчымасцяў скарысталіся краіны так званага «сацыялістычнага лагеру». Сёння яны частка аб’яднанай Еўропы і сябры NATO.
Што яднае ўсе названыя вышэй выпадкі? У момант «ікс», калі трэба было забіраць уладу ад аслабленай Расейскай імперыі, у тых ці іншых краінах былі хоць якія арганізаваныя грамадска-палітычныя структуры.
Чаго не могуць зразумець за межамі Беларусі, гэта такой простай рэчы – 2020 год быў стыхіяй. Ні ў штабе Сяргея Ціханоўскага, ні ў штабе Віктара Бабарыкі, ні пазней у аб’яднаных Трох штабах блізка не было разліку на масавую рэвалюцыйную актыўнасць людзей.
Калі я чую «вы, беларусы» не зрабілі тое і тое, ці «ваша апазіцыя» абрала нейкі там не такі шлях, я разумею якая ментальная бездань між беларусамі і не малой часткай вонкавага свету.
Няма ніякіх абстрактных «вы». У Беларусі даўно разгромленыя палітычныя структуры. Цяпер знішчаныя і грамадскія арганізацыі ўлучна з аматарамі птушак і гістарычнай рэканструкцыі.
У 2020 годзе ў Беларусі адбыўся цуд сінергіі незнаёмых перад тым між сабою соцень тысяч, калі не некалькіх мільёнаў, людзей.
Што на сёння з верагодным новым акном магчымасцяў?
Логіка падзеяў падказвае, што мяцеж Прыгожына – гэта толькі першая ластаўка, разведка боем, прыстрэлка, размінанне цягліцаў перад больш маштабным ударам па пуцінскай сістэме.
На нейкі час крамлёўскія пацукі зоймуцца грызнёй між сабою, і акно адкрыецца.
Толькі вельмі не хочацца чарговы раз пачуць наіўна-інфантыльнае, то бок бязадраснае, «беларусы, давайце!»
Беларусы ёсць, і большасць з нас на баку свабоды.
Я нават упэўнены, што ў Беларусі ёсць падпольныя структуры.
Важна цяпер убачыць за мяжой будучага генерала Дэ Голя.
Чалавека, які ўжо сёння гатовы не пабаяцца ўвайсці ў супярэчнасць з еўрапейскімі ўмоўнымі «лібераламі», і заявіць, што гульні ў дыпламатыю не будзе. Будзе аднаўленне Закону на тэрыторыі Беларусі.
Любымі даступнымі метадамі.
Беларускае Радыё Рацыя