Што такое «Наша Вільня»



Мала абазнаныя ў гісторыі Беларусі беларусы пры фразе «наша Вільня» адразу ўяўляюць сабе тэрытарыяльныя прэтэнзіі. А паколькі няведанне гісторыі было дактрынай бальшавікоў-камуністаў, а цяпер лукашыстаў, то пэўныя вечныя тэмы варта паўтараць зноў і зноў. Каб надышоў дзень калі гэтыя пэўныя рэчы не дыскутуюцца. Напрыклад, што Вільня – духоўная «мекка» беларусаў.

Каб абысці ўсе беларускія мясціны Вільні з паглыбленнем у тую ці іншую тэму, не хопіць ні дня, ні некалькіх. Хоць Вільня сярод еўрапейскіх сталіц далёка не самая вялікая па плошчы.

Здавалася б, у беларусацэнтрычных колах тэма закрытая даўно, і назва «Вільнюс» у беларускай мове пакінутая афіцыёзу.

Але нядаўна прадстаўнік Рады беларускай культуры, якая базуецца ў Вільні, Сяргей Будкін прапанаваў, як кажуць, «перагарнуць старонку», і пакінуць «Вільню» гісторыі. Маўляў, «нашай» Вільня быць не можа, яна літоўская.

Я так разумею, Сяргей агучыў не столькі ўласную думку, колькі калектыўнае рашэнне Рады.

Справа ў тым, што сама рада Беларускай культуры базуецца ў Вільні.

А ў літоўскім урадзе чарговы раз пачалі спрабаваць разабрацца ў беларусах – хто мы і што мы.

З лукашыстамі проста – прарасейскія па сутнасці, пракамуністычныя па форме, злачынныя з юрыдычнага гледзішча.

А вось з вольнай супольнасцю ўсё больш складана.

Раптам высвятляецца, што спалучэнне белага, чырвонага і зноў белага на сцягу незалежных беларусаў, тых самых, што вышлі ў 2020 годзе супрацьстаяць дыктатуры, гэтае спалучэнне – адлюстраванне колераў герба «Пагоня», толькі ў інверсійным выглядзе.

Больш за тое, «Пагоня» была дзяржаўным гербам у 1991-95 гадах. А ВКЛ беларусамі ўспрымаецца як супольная з літоўцамі дзяржава, дзе продкі сучасных беларусаў уяўляюцца ядром ВКЛ.

І вось тут калі не шок, то нявыкрутка. Лукашысты на ВКЛ не прэтэндуюць, але яны небяспечныя ворагі, якія пабудавалі патэнцыйную брудную ядзерную бомбу проста каля Вільні – Астравецкую АЭС.

А вось незалежныя беларусы, якія супрацьстаяць лукашыстам, але прэтэндуюць на частку гісторыі, якую ў Літве вымалёўвалі як выключна сваю.

А вось Рада беларускай культуры ў Вільні, і як да яе цяпер ставіцца?

Прад’явіць палякам пісаць Wilnius, а не Wilno – не рэальна, проста паціснуць плячыма. А незалежныя беларусы ў Літве вельмі залежныя ад стаўлення да сябе літоўскай улады.

Каб усіх супакоіць, варта нагадаць пра гару Арарат, якая знаходзіцца ў Турцыі. Яна ж ёсць на гербе Арменіі, але армяне не плануюць ваяваць з Турцыяй. Яны кажуць «наш Арарат» як сімвал, які ў сэрцы.

Таму «наша Вільня» – гэта наш «Арарат».

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя