Што займее ад «гульні рэжыму» апазіцыя?



Намеснік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец распавядае пра тое, якую карысць могуць займець дэмакратычныя сілы ад таго, што ў парламент патрапіла сябра АГП Ганна Канапацкая і намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім.

Алесь Лагвінец: Па-першае, усё гэта – гульня рэжыму, які дазволіў «правесці» у парламент гэтых дзвюх кандыдатак. І тут найперш выгода ідзе ўладзе, бо гэта – яе рашэнне. І, калі прынятае такое рашэнне, то значыцца ўлада ўзважыла ўсе плюсы і мінусы.

РР: А якія могуць быць ад гэтай сітуацыі плюсы для саміх кандыдатак, якія зараз, што называецца, апынуліся паміж двух агнёў?

Алесь Лагвінец: Па-першае, зараз яны могуць існаваць у больш шырокай публічнай прасторы, могуць звяртаць на сябе ўвагу, хаця так званы парламент наўрад ці будзе асабліва прыслухоўвацца да іх меркавання. Канапацкая і Анісім будуць мець большыя магчымасці для афіцыйнай працы з людзьмі, і я шчыра жадаю, каб пасля заканчэння чатырохгадовага дэпутацкага тэрміна была сапраўды 50-адсоткавая падтрымка ў іх акругах, якой, хутчэй за ўсё, зараз няма. Так што працы ў іх вельмі шмат. Хаця, як мне падаецца, ёсць у дэпутатак і пытанне адносна маральнасці прыняцця гэтых мандатаў.

 РР: А што дасць дэпутацтва Алены Анісім і Ганны Канапацкай дэмакратычным сілам? Яны могуць нейкім чынам выкарыстаць дэпутатак для прасоўвання сваіх ініцыятыў?

Алесь Лагвінец: Безумоўна. Напрыклад, калі Алена Анісім будзе казаць з высокай трыбуны пра пашырэнне ўжытку ў паўсядзённым жыцці беларускай мовы, то ў гэтым яе трэба падтрымліваць адназначна. Беларуская мова – гэта складнік нашай ідэнтычнасці, а таму яе трэба пашыраць. Бо ўсё ж расейская мова – гэта мова імперыі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя