Што зараз адбываецца ў Херсоне? Мясцовы жыхар: Расейскія салдаты ходзяць па пустых вуліцах
Расейскія салдаты ходзяць па пустых вуліцах Херсона. Наш горад фактычна акупавалі, але яшчэ вісяць украінскія сцягі. Кожны на сваім месцы, кажа мясцовы жыхар, імя якога мы не называем з мэтаў бяспекі. Ён – карэнны жыхар, сочыць за падзеямі і арганізоўвае гуманітарную дапамогу. Нам расказаў, як горад выглядае зараз і чаму мясцовыя жыхары не хочуць браць хлеб з рук рускага салдата-акупанта.
– Па сутнасці Херсон і Херсонская вобласць акупаваныя. Цяпер у цэнтры Херсона рыхтуецца фэйкавы мітынг нібыта за тое, што Херсон хоча напрасіцца ў склад Крыма, гэта значыць пад Расею. Пра гэта ведае Украіна, і мне здаецца, што ўвесь свет, бо пра гэта ўсе гавораць, і прэзідэнт Зяленскі. Жыхары Херсона зараз усе да аднаго знаходзяцца ў сябе дома і не выходзяць, каб рускія салдаты не ўзялі ў палон і не прывялі на плошчу, і такім чынам не стварылі бачнасць таго, што нехта з Херсона хоча тут Расеі. Тут Расеі ніхто не хоча, нават помнікі Суворава і Пацёмкіна ў будучыні дакладна будуць зносіць.
З Крыма расейскае войска спрабавала зрабіць магутны бліц-крыг, рваліся на Адэсу. У прыгарадзе Херсона ёсць пасёлак Антонаўка, там ёсць Антонаўскі мост. У гэтым месцы былі грандыёзныя баі: узброеныя сілы Украіны чатыры дні адбівалі атакі расейскай арміі, і яна не змагла за 4 дні ўвогуле прайсці праз Дняпро. Толькі на пяты дзень нашы войскі адышлі, і Расейскае войска змагло без бою змагло зайсці ў наш горад.
Пры тым, што яны да гэтага часу не змаглі дайсці да Мікалаева і Адэсы. Як нам казалі, яны планавалі за дзень-два быць у Адэсе. Яны не думалі, што ва Украіны ёсць магутнае войска. Я скажу шчыра, і прызнаюся шчыра, што мы, жыхары Херсона, таксама так не думалі, што ў нас такое моцнае войска, і калі 24 лютага пачалася вайна, то пакуль мы прыходзілі ў сябе, то расейскія войскі ўжо зайшлі на наш Антонаўскі мост. Мы думалі, што ўвечары яны ўжо будуць у Херсоне. Але іх там не было наступных 5 дзён. За гэты час усе херсонцы сталі патрыётамі Украіны, змагарамі за сваю свабоду і незалежнасць. Зусім ніхто не хоча бачыць тут расейскіх салдат, якія тут на жаль зараз стаяць.
Мы акупаваныя самым сапраўдным чынам, у нас вялікія гуманітарныя праблемы, у нас няма сувязі з Украінай. Гэтым карыстаюцца расейцы, якія чакаюць, што мы ў іх папросім хлеб. Аднак людзі пішуць у фэйсбуку: як жа мы можам узяць у іх хлеб, пакуль нашы салдаты і людзі ў іншых гарадах пакутуюць таксама? Таму не, нам іх хлеб не патрэбен.
Слухайце размову цалкам у далучаным файле ніжэй:
У Херсоне людзі выйшлі на пратэст супраць фальшывай гуманітарнай дапамогі Уладзіміра Пуціна. Украінскімі ўладамі было сфармавана 19 фураў для забеспячэння патрэб Херсона і вобласці самым неабходным. Але расійскія войскі не дапускаюць іх у горад. Там зараз адключаная мабільная сувязь, фактычна горад адрэзаны ад Украіны.
Беларускае Радыё Рацыя