Што зменіцца ў выбарчым заканадаўстве пасля „эпохі Ярмошынай”?
Экс-сустаршыня аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі „За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка разважае, ці зменіцца нешта пасля таго, як Лідзія Ярмошына пакіне пасаду старшыні Цэнтрвыбаркама.
Нагадаем, што не так даўно Лідзія Ярмошына заявіла, што ў 2021 годзе сыходзіць у адстаўка, і прэзідэнцкія выбары ў наступным годзе будуць апошнія для яе, калі яна адпрацуе на сваёй пасадзе. Ці будуць змены ў выбарчым законе пасля “эпохі Ярмошынай”?
Віктар Карняенка: Найперш трэба сказаць, што Ярмошына для многіх людзей – гэта не толькі сімвал непразрыстых выбараў, але і ідэолаг. Лідзія Міхайлаўна, безумоўна, асаблівы чалавек і ўвойдзе ў гісторыю, як ідэолаг беларускіх псеўдавыбараў.
РР: Калі на яе месца прыйдзе новы чалавек…
Віктар Карняенка: Натуральна, у самім выбарчым заканадаўстве нічога не зменіцца, як нічога не зменіцца і ў самой сістэме правядзення выбараў. Усё адпрацавана. Таму “Ярмошына нумар два” таксама будзе выконваць тыя загады, што будуць паступаць зверху.
Неабходна ў парламент 30 адсоткаў жанчын і 30 адсоткаў са старога парламента? Атрымайце! І ўсё будзе выконвацца на гэтай пасадзе з матэматычнай дакладнасцю любым дзяржаўным чыноўнікам. Цэнтрвыбаркам – гэта ж не самастойная арганізацыя, а структура вертыкалі ўлады.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя