Што змянілася за год акупацыі Крыма? (абноўлена)



Год таму – 16-га сакавіка – ў Крыме прайшоў гэтак званы рэферэндум, па выніках якога паўвыспа разам з горадам Севастопаль былі далучаныя да Расеі. Заходнія краіны і афіцыйны Кіеў лічаць, што Крым анексаваны Расеяй незаконна.

Расейскі кіраўнік заявіў, што ў выпадку неспрыяльнага развіцця падзей у Крыме, Масква магла прывесці ў гатоўнасць ядзерныя сілы. Пра гэта ён расказаў у дакументальным фільме «Крым. Шлях на Радзіму», паказаным на тэлеканале «Расея 1». Таксама Пуцін назваў Крым «нашай гістарычнай тэрыторыяй», дзе «пражываюць рускія людзі», якія апынуліся «ў небяспецы» пасля зладжанага ўкраінскімі «нацыяналістамі» дзяржаўнага перавароту.

Ленур Керымаў, крымскі татарын з Хельсінскага фонду правоў чалавека ў Варшаве кажа, што такімі заявамі ўжо нельга сапсаваць атмасферу ў Крыме:

– Яна і так ужо сапсаваная. Пуцін фактычна прызнаецца, што гэта была менавіта акупацыя Крыма, а не жаданне людзей Крыма далучыцца да Расеі. І гэта гучыць як прызнанне сваёй віны.

Раней дырэктар дэпартамента па пытаннях нераспаўсюду і кантролю над узбраеннямі расейскага МЗС Міхаіл Ульянаў заявіў, што яму невядома, ці ёсць у Крыме расейская ядзерная зброя, аднак дадаў, што «Расея мае права размяшчаць такую зброю на сваёй тэрыторыі, калі палічыць гэта неабходным, ва ўсякім рэгіёне».

* * *

Як адзначае крымскі татарын Ленур Керымаў з Хельсінскага фонду правоў чалавека ў Варшаве, за год акупацыі на паўвыспе абвастрылася сітуацыя ў шмат якіх сферах:

– Калі казаць пра сферу дэмакратыі і захаванні правоў чалавека, то канешне сітуацыя вельмі цяжкая. Перадусім па розных ацэнках больш за 20 асоб проста зніклі ў Крыме. Трупы некаторых з іх пасля былі знойдзены са слядамі катаванняў, а пра астатніх увогуле нічога невядома. Гэта людзі, якія пратэставалі ці ўвогуле не маюць дачынення ні да якіх пратэстаў, то бок з мэтай увесці атмасферу тэрору.

Расейскія ўлады Крыма змагаюцца з любымі праявамі супраціву, на паўвыспе забаронена ўкраінская сімволіка. Рэпрэсіі закранаюць незалежных журналістаў, грамадскіх актывістаў і прадстаўнікоў крымскіх татараў.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя