Шуневіч: Міліцыя не мае намеру прасіць прабачэння за затрыманне цыганоў
Міністэрства ўнутраных спраў не будзе прасіць прабачэння за затрыманне цыганоў у Магілёве пасля гібелі супрацоўніка ДАІ Яўгена Патаповіча, бо гэтыя дзеянні праваахоўнікаў былі абгрунтаваныя, заявіў журналістам у Палаце прадстаўнiкоў 23 мая міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.
„У міністра няма ні нагоды, ні падставы прасіць прабачэння ў цыганоў. Зразумела?” — сказаў Шуневіч.
На пытанне, ці не баіцца кіраўнік МУС, што за гэта яго могуць абвінаваціць у ксенафобіі, Шуневіч адказаў: „Гэта не раз спрабавалі зрабіць. Я разглядаю любое сваё выказванне з пункта гледжання выканання сваіх функцыянальных абавязкаў”.
„Я ацэньваю дзеянні сваіх падначаленых у гэтай частцы як абсалютна абгрунтаваныя і адпаведныя тым абставінам, у якіх праводзілася раскрыццё гэтага асабліва цяжкага злачынства. Да гэтага былі пэўныя падставы і нагоды. Мы адпрацоўвалі асобную групу выключна на падставе атрыманых на той час доказаў. Крыніцай гэтых доказаў была інфармацыя ад ахвяры, — дадаў ён. — Мы павінны былі праверыць усе версіі, у тым ліку і тую, на аснове якой была праведзеная праверка некаторай часткі дыяспаральных нашых грамадзян”.
Пры гэтым Шуневіч адзначыў, што калі дзеянні міліцыі будуць прызнаныя незаконнымі органамі пракуратуры, ён гатовы за іх адказаць.
Паводле слоў міністра, прыярытэтнай версіяй у расследаванні гэтай крымінальнай справы на сёння з’яўляецца самагубства. Такое меркаванне, адзначыў кіраўнік МУС, склалася не толькі ў яго, але і ва ўсёй групы, якая займаецца расследаваннем. „Забойства і выкраданне на сёння не прыярытэтная версія. Мы працягваем дапрацоўваць яе з пункта гледжання поўнага выключэння”, — дадаў кіраўнік МУС.
Пры гэтым Шуневіч удакладніў, што за апошнія гады колькасць суіцыдаў сярод супрацоўнікаў міліцыі ў краіне значна знізілася. „Яшчэ 10 гадоў таму ў дзясяткі разоў больш суіцыдаў было. Гэта не тое, што я чымсьці хвалюся, я прыводжу статыстыку. І гэта пэўнае дасягненне. Я лічу, што сёння маральна-псіхалагічны клімат у міліцыі дастаткова ўстойлівы”, — сказаў ён.
У сваю чаргу генеральны пракурор Аляксандр Канюк паведаміў сёння журналістам у парламенце, што Генпракуратура праводзіць разбор па заяве ў сувязі з масавым затрыманнем цыганоў у Магілёве. Ён не ўдакладніў, пра чыю заяву ідзе гаворка. „Так, заява ёсць. Мы разбіраемся, — адзначыў ён. — Я пакуль не магу ацэньваць, мне трэба растлумачыць, удакладніць сітуацыю”.
На думку генпракурора, у СМІ і ў інтэрнэце „шмат інсінуацый” у сувязі з дзеяннямі міліцыі пасля гэтага надзвычайнага здарэння.
Цела 22-гадовага лейтэнанта ДАІ Яўгена Патаповіча было знойдзенае позна ўвечары 16 мая ў лесапаласе за два кіламетры ад Магілёва. Напярэдадні ў інтэрнэце з’явіліся паведамленні аб магчымым яго выкраданні „прадстаўнікамі цыганскай нацыянальнасці” — пра гэта ён нібыта паспеў паведаміць калегам у адным з месенджараў.
Следчы камітэт распачаў справу на падставе арт. 362 КК (забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў пры выкананні службовых абавязкаў), яна пакуль не перакваліфікаваная.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у той жа дзень прадстаўнікі органаў МУС правялі рэйд па месцах кампактнага пражывання цыганоў, падчас якога затрымалі прыблізна 100 чалавек, у тым ліку жанчын і непаўналетніх дзяцей. Частку з іх пазней вызвалілі, але прыкладна 50 мужчын былі затрыманыя на трое сутак. У дачыненні да затрыманых распачатыя адміністрацыйныя працэсы, яны абвінавачваюцца ў дробным хуліганстве.
Праваабаронца Алесь Бяляцкі 21 мая даслаў у Генеральную пракуратуру Беларусі заяву з просьбай правесці праверку законнасці масавых затрыманняў цыганоў пасля гібелі інспектара ДАІ 16 мая ў Магілёве. Бяляцкі просіць правесці праверку і прыняць адпаведныя меры пракурорскага рэагавання, а таксама разгледзець неабгрунтаваныя выпадкі прымянення сілы, фізічнага гвалту.
З аналагічнай скаргай у пракуратуру Магілёўскай вобласці звярнуліся магілёўскія праваабаронцы Аляксей Колчын, Барыс Бухель і Аляксандр Буракоў.
Дзеянні сілавікоў асудзілі прадстаўнікі грамадскасці.
Фота sputnik.by