Шуневіч: Мы не заўсёды кампетэнтныя на ўзроўні першай інстанцыі



Прыёмы грамадзян важныя для ўдасканалення працы праваахоўных органаў. Такое меркаванне выказаў 12 ліпеня журналістам міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч пасля прыёму грамадзян, праведзенага ў Савеце міністраў.

„Сапраўды, мы не заўсёды кампетэнтныя на ўзроўні першай інстанцыі, і на гэта ёсць шмат прычын, у тым ліку нейкая прафесійная непадрыхтаванасць да вырашэння вельмі складаных, часта застарэлых пытанняў. Асабістыя прыёмы, зносіны з людзьмі для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў заўсёды былі асноўнай формай атрымання інфармацыі. Любая дапамога грамадзян вітаецца, без прыцягнення грамадскасці, у прыватнасці добраахвотных народных дружын, складана забяспечыць на належным узроўні правапарадак”, — цытуе міністра прэс-служба ўрада.

Паводле слоў Шуневіча, бываюць і выпадкі фармалізму ў працы. Ён прывёў у якасці прыкладу зварот заяўніцы, якую аштрафавалі за паркоўку на месцы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а на машыне проста дажджом змыла спецыяльную налепку. „Работнікі праваахоўных органаў з пункта гледжання закону паступілі правільна, але фармальна. З такімі фактамі трэба змагацца”, — сказаў міністр.

У цэлым Шуневіч адзначыў станоўчую тэндэнцыю змяншэння зваротаў грамадзян у ведамства, у тым ліку абгрунтаваных. У той жа час некаторыя пытанні, што паступаюць падчас прамых ліній, асабістых прыёмаў, маюць даўнюю гісторыю або звязаныя з асабістымі ўзаемаадносінамі, і бывае складана садзейнічаць у іх вырашэнні, адзначыў ён.

belapan.com