Шушкевіч: Харызма Пазьняка дзейсная і цяпер
Былы старшыня Вярхоўнага савета Станіслаў Шушкевіч даў інтэрв’ю расейскаму выданню «Слон». Сярод іншага, ён расказаў пра стаўленне да Зянона Пазьняка:
— Раскажыце пра вашыя не вельмі, наколькі я разумею, простыя адносіны з Беларускім Народным Фронтам, з Зянонам Пазьняком.
— Вы ведаеце, мне сорамна… Сорамна, што я не быў датычны да пратэсту, калі былі падзеі ў Венгрыі ў 1956 годзе. Не быў датычны да пратэстаў, калі былі падзеі ў Празе ў 1968-м. І не быў датычны да працэсу, калі Зянон раскапаў Курапаты. Неяк так выйшла, што артыкул пра Курапаты я выпусціў, хоць я рэгулярна чытаў газету «Літаратура і мастацтва», пастаянна быў яе падпісчыкам. Гэтыя людзі аказаліся больш сумленнымі і больш годнымі за мяне. Гэта я прызнаю. Якое ў мяне ёсць апраўданне? У мяне была фантастычна цікавая праца. І я ўсё ж такі, прабачце, дасягнуў пэўнага поспеху, так? Таму што даволі рана атрымаў навуковую ступень доктара, званне прафесара, абараніўшы доктарскую дысертацыю ў Маскве. Увогуле, не кожнаму такое ўдавалася. Я датычны і да многіх важных прыкладных навуковых работ, у тым ліку да выяўлення разведвальных прымачоў, нават выключаных — гэта тэма маёй кандыдацкай дысертацыі; і да працы па выяўленні золата ў багажы ў любым выглядзе без ускрыцця багажу. Апошняй працай кіраваў не я, але я шмат у яе ўклаў. Камп’ютараў не было, і трэба было аналагавымі метадамі вырашаць цяжкія задачы. І тут я быў вялікі дока, мы атрымалі поспех, мяне гэта ўсё страшна займала. І вось мяне вылучаюць кандыдатам у дэпутаты на агульным універсітэцкім сходзе Таемнае галасаванне. 450 — за мяне, 70 — за іншага прарэктара, вельмі годнага чалавека, і 50 — за Пазняка, які ва ўніверсітэце не працуе, і я наогул не ведаю, хто гэта такі. Аказваецца, гэта добра вядомы універсітэтчыкам гуманітарнага профілю археолаг і гісторык, больш за тое, ён вядомы і шматлікім супрацоўнікам маёй кафедры. Прыходжу да сябе ў кабінет на кафедру, а ў мяне на стале ляжыць праграма Беларускага народнага фронту. Высвятляецца: на кафедры ў мяне ёсць супрацоўнікі — сябры БНФ.
Праграму БНФ я вывучыў ад А да Я за ноч. Натхненне найвялікшае! Вельмі прыемна. Але пра рэфармаванне вышэйшай адукацыі — ахінея, думаю, тут хлопцы не вельмі арыентуюцца, вырашыў: трэба з імі ўзаемадзейнічаць, каб яны гэта падправілі, такое маё першае ўражанне. Потым я знаёмлюся з Зянонам Пазьняком. І што мяне бударажыць: ён такі важны, такі самазакаханы, што далей няма куды. Ведаю, што ён гісторык, што ён раскапаў гэтыя злачынствы, ён заслугоўвае павагі, у многіх адносінах ён лепшы за мяне. Але я не магу, як ён, працаваць з паплечнікамі і атачэннем. У БНФ усе проста глядзяць яму ў рот, ён карыфей! З’явілася група дэпутатаў ад БНФ у Вярхоўным Савеце — усе за, што б ён ні сказаў. Дысцыпліна! Дапускаю, што на нейкім этапе трэба так, але заўсёды так нельга! Гэта супярэчыць маім перакананням. Я кажу: слухайце, дэмакратыя — гэта кампрамісы. А яны мне: ён заўсёды мае рацыю, ён святы чалавек. Калі ж я, як мне здавалася, яго ў чымсьці пераконваў і пра нешта дамаўляўся, то раніцай ён уставаў на старыя пазіцыі. Дарэчы, яму не трэба было адсюль, з Беларусі, збягаць. Яго харызма дзейсная і цяпер, але, на жаль, не для шырокай часткі насельніцтва. Застаючыся тут, ён бы пашырыў кола сваіх прыхільнікаў і, напэўна, ўсвядоміў бы, што трэба ўмець дамаўляцца не толькі з прыхільнікамі.
— Вы згодны з тым, што роля БНФ у руху Беларусі да дзяржаўнага суверэнітэту была надзвычай важнай?
— На старце яна была самай важнай. Магутны старт быў менавіта дзякуючы ім. І там былі выдатныя людзі. Дарэчы, пра іх забыліся. Разумееце, пачалі змагацца за праўду, за чысціню падыходаў. Але дайшло да таго, што яны агулам перасталі памяркоўна ставіцца да таго, што было зроблена ў савецкі час і нядрэнна зроблена з беларускай мовай. І колькі іх ні прасілі ўспомніць, што пры падобным рэфармаванні рускай мовы нават вялікі Блок пратэставаў супраць рэформы рускай мовы ў 18-м годзе і казаў, што «для мяне лес без цвёрдага знака, без еръ — гэта дровы, а не зялёны гай». Яны патрабавалі ад усіх вярнуцца да правапісу, які быў раней, і сем мільёнаў беларусаў, якія пішуць на «наркамаўцы», павінны былі перавучвацца, каб стаць праўдзівымі беларусамі. Яны не шукалі кампрамісаў, не ўспрымалі такога паняцця. Неўзабаве высветлілася, што з сапраўдных сяброў БНФ нікога нельга паставіць ні на якую ўрадавую пасаду: яны ніколі не кіравалі ні кафедрай, ні лабараторыяй, ні заводам, ні факультэтам, ні ВНУ. Ну, можа быць, міністрам культуры можна б, але толькі з агульных эмацыйных меркаванняў. Іх галоўным заняткам было — павучаць.