Швайцарскі банк замарозіў $5 мільярдаў расейскага капіталу



Швайцарскі банк Credit Suisse з-за санкцый ЗША заблакаваў каля $5 мільярдаў актываў, звязаных з Расеяй. Пра гэта са спасылкай на ліпеньскую справаздачу фінансавай установы паведаміла 22 жніўня агенцтва Bloomberg.

Прадстаўнік банку пацвердзіў гэтую інфармацыю, пакдкрэсліўшы, што Credit Suisse працуе з міжнароднымі рэгулятарамі і гатовы забяспечваць захаванне рашэнняў пра санкцыі.

У спісе кампаній, чые сродкі былі замарожаныя, згадваецца, між іншых, група „Ренова” расейскага мільярдэра Віктара Вексельберга.

Вексельберг займае 9-е месца ў спісе багацейшых бізнесоўцаў Расейскай Федэрацыі 2018 года, складзенага Forbes. Яго ўласнасць ацэньваецца на $14,4 мільярда.

З 2014 года ЗША ўвялі ў дачыненні да Расеі некалькі пакетаў санкцый: у звязку з акупацыяй Крыму, агрэсіяй на данбасе і ўмяшальніцтвам ў прэзідэнцкія выбары ў Амерыцы ў 2016 годзе. Пакеты абмежавальных мераў закранулі фізічныя і юрыдычныя асобы Расеі, звязаных, па меркаванні ЗША, з незаконнай дзейнасцю, а таксама энергетычныя праекты і абаронны сектар.  

Беларускае Радыё Рацыя