Шведскія дэпутаты супраць артыкула 193.1 у беларускім заканадаўстве
Група дэпутатаў нацыянальнага парламенту Швецыі, якая старшынюе ў Еўразвязе, далучылася да кампаніі «Стоп 193.1!».
Шведскія парламентары накіравалі адпаведныя заявы ў Менск напярэдадні прыняцця рашэньня па санкцыях супраць шэрагу службовых беларускіх асобаў.
Прадстаўнічка Хрысьціянскай дэмакратыі Анэлі Энаксан, а таксама дзве дэпутаткі Ліберальнай Народнай Партыі Сэсілія Вігстром і Брыгіта Ольсан накіравалі звароты да беларускіх уладаў з патрабаваннем скасаваць крымінальны артыкул, які робіць немагчымым нармальнае функцыянаванне грамадзянскага сектара.
Юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў нагадаў пра пагрозу гэтага артыкула:
– Ад 1995 года ў Крымінальным Кодэксе ёсць артыкул 193.1 – крымінальная адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый, прычым, не толькі грамадскіх аб’яднанняў, але і палітычных партыяў, фондаў. Усяго за перыяд з 2006 па 2008 год вядома пра 18 чалавек, якія былі асуджаныя па гэтым артыкуле. У выніку міжнароднага ціску, улады больш яго не выкарыстоўвалі для вынясення прысудаў.
“Але пры гэтым актыўна выдаюць папярэджанні за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”, – дадае Юры Чавусаў. Пакуль беларускія ўлады не спяшаюцца заяўляць пра скасаванне артыкула 193.1 крымінальнага кодэкса, і гэта можа паўплываць на справаздачу ААН пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя