Швейцарыя ўводзіць новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі



Швейцарыя 11 жніўня ўводзіць новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, паведамляе сайт урада гэтай краіны.

„Новы пакет эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі ідзе за аналагічнымі рашэннямі, прынятымі Еўрапейскім саюзам у чэрвені, — гаворыцца ў паведамленні. — У дадатак да існуючага эмбарга на пастаўкі зброі і абсталявання, якія могуць быць выкарыстаны для ўнутраных рэпрэсій, Федэральны савет уводзіць санкцыі на тавары, якія могуць быць выкарыстаны для кантролю за інтэрнэтам або тэлефоннымі камунікацыямі. Новыя санкцыі таксама датычацца гандлю таварамі і тэхналогіямі двайнога прызначэння, нафтапрадуктамі і хлорыстым каліем, а таксама тавараў, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці або перапрацоўкі тытунёвых вырабаў”.

Уведзеныя Швейцарыяй санкцыі абмяжоўваюць выпуск і гандаль фінансавымі інструментамі, выдачу крэдытаў і аказання паслуг страхавання і перастрахавання ўраду Беларусі і дзяржаўным органам і ўстановам.

Акрамя таго, Федэральны савет Швейцарыі прыняў рашэнне аб увядзенні санкцый у дачыненні да дзяржпрадпрыемства „Белаэранавігацыя”.

„Швейцарыя глыбока занепакоеная пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і адсутнасцю дыялогу паміж урадам і грамадзянскай супольнасцю, — гаворыцца ў паведамленні. — Швейцарыя працягвае заклікаць Беларусь прытрымлівацца сваіх міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, якія ўключаюць захаванне права на свабоду слова, асацыяцый і сходаў, вызваленне ўсіх адвольна затрыманых асоб і расследаванне заяў пра катаванні або жорсткае абыходжанне з боку сіл бяспекі”.

9 жніўня аб новых санкцыях у дачыненні да беларускіх уладаў абвясцілі Вялікабрытанія, Канада і ЗША.

belapan.by

Фота: bitnovosti.com