Сі Цзіньпін і Лукашэнка падпісалі дэкларацыю пра стратэгічнае партнёрства



Беларусь і Кітай выйшлі на якасна новы ўзровень міждзяржаўных адносін. Такі вынік афіцыйных перамоў Аляксандра Лукашэнкі і старшыні КНР Сі Цзіньпіна 29 верасня ў Пекіне, паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка.

„Мы сапраўды сур’ёзна прасунуліся ў нашым супрацоўніцтве. Дазвольце мне ад імя беларускага народа і маёй дзяржавы падзякаваць Вам асабіста за ўклад у нашы адносіны. Калі б не было гэтага асабістага ўкладу, не было б і такіх адносін”, — сказаў Лукашэнка.

„Пасля вашага візіту ў Беларусь у маі 2015 года мы вельмі інтэнсіўна працавалі над сумесным прасоўваннем тых ініцыятыў, якія былі вамі выказаны, і перш за ўсё Эканамічнага пояса Шаўковага шляху, праекта Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку, які вы назвалі жамчужынай Шаўковага шляху, — адзначыў Лукашэнка. — Гэта сапраўды найважнейшы вузлавы элемент паглыблення рэгіянальнага і крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі”.

Лукашэнка і Сі Цзіньпін „абмеркавалі важнасць развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, патэнцыял якога неабходна больш актыўна выкарыстоўваць”. Размова на перамовах таксама ішла аб гандлёва-эканамічным, інвестыцыйным супрацоўніцтве, узаемадзеянні ў гуманітарнай сферы і турызме, развіцці міжпарламенцкага дыялогу. Адзначана неабходнасць зрабіць Шаўковы шлях „дарогай з больш інтэнсіўным рухам”, узмацняць узаемную падтрымку.

„Мы вывелі двухбаковыя адносіны і шматпланавае супрацоўніцтва на траекторыю паскоранага развіцця. Кітай і Беларусь — сапраўдныя сябры і самыя шчырыя партнёры. Дзякуючы агульным намаганням кітайска-беларускія адносіны дынамічна развіваюцца і падымаюцца на новы ўзровень, умацоўваюцца ўзаемадавер’е, практычнае супрацоўніцтва ва ўсіх галінах”, — заявіў Сі Цзіньпін.

Па выніках перамоў падпісана сумесная дэкларацыя „аб усталяванні адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва”.

У дакуменце „замацаваны намер бесперапынна паглыбляць палітычны ўзаемадавер і супрацоўніцтва ў розных галінах, нарошчваць кантакты паміж народамі і гуманітарныя абмены, узбагачаць складнік беларуска-кітайскіх адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства, развіваць „усепагодную дружбу”. „Значная ўвага” ў дэкларацыі нададзена эканамічнаму блоку супрацоўніцтва, сумеснаму прасоўванню праекта Эканамічнага пояса Шаўковага шляху.

У прысутнасці Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна падпісана „амаль тры дзясяткі” пагадненняў і мемарандумаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных галінах, у тым ліку ў сферах прамысловасці і інвестыцый, фінансаў, гандлю, адукацыі і навукі, турызму.

Лукашэнка ўзнагародзіў Сі Цзіньпіна ордэнам „За ўмацаванне міру і дружбы” за „вялікі асабісты ўклад у развіццё гандлёва-эканамічных, навукова-тэхнічных, гуманітарных сувязей паміж Беларуссю і Кітаем, выключныя заслугі ва ўмацаванні дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі”. Старшыня КНР „стаў першым, хто ўдастоены гэтай узнагароды”.

У Пекіне 29 верасня Лукашэнка таксама сустрэўся са старшынёй пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам і старшынёй Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая Юй Чжэншэнам.

Дзяржаўны візіт Лукашэнкі ў Кітай працягнецца 30 верасня. Запланавана сустрэча з прэм’ерам Дзяржсавета КНР Лі Кэцянам. Акрамя таго, Лукашэнка наведае Пекінскі ўніверсітэт, дзе сустрэнецца з кіраўніцтвам ВНУ і студэнтамі.

belapan.by