Сідорскі абмеркаваў забарону на ўвоз мяса з Данквертам
Міністр па прамысловасці і АПК Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Сідорскі абмеркаваў з кіраўніком Рассельгаснагляду Сяргеем Данквертам шляхі ўрэгулявання супярэчнасцяў з пастаўкамі прадуктаў з Беларусі.
Як паведамляе ЕЭК, у рабочай сустрэчы члена калегіі (міністра) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе ЕЭК Сяргея Сідорскага (былы прэм’ер-міністр Беларусі) і кіраўніка Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе РФ Сяргея Данкверта ўзяў удзел саветнік-пасланнік пасольства Беларусі ў Расеі Сяргей Сілкоў.
Бакі абмеркавалі пытанні магчымага ўвядзення Рассельгаснаглядам часовых абмежаванняў на пастаўку прадукцыі некаторых беларускіх прадпрыемстваў, а таксама на транзіт сельскагаспадарчых тавараў праз тэрыторыю Беларусі і Расеі ў Казахстан. Акрамя таго, яны разгледзелі магчымыя наступствы ад увядзення абмежавальных мер для эканомік дзяржаў – членаў МС і ЕЭП.
Падчас перамоў удзельнікі канстатавалі, што прыняцце абмежаванняў не адпавядае мэтам функцыянавання Мытнага саюза. Пры гэтым бакі пагадзіліся, што задачы, пастаўленыя перад Міждзяржаўнай міжведамаснай рабочай групай па недапушчэнні рээкспарту праз Беларусь забароненай да паставак у Расею прадукцыі (створана ў кастрычніку 2014 года), цяпер выконваюцца не ў поўным аб’ёме.
Сідорскі падкрэсліў важнасць правядзення сумесных даследаванняў кантрольных проб тавараў для павышэння ўзаемнага даверу да нацыянальных сістэм маніторынгу бяспекі вытворчасці і абароту прадукцыі сельскагаспадарчага паходжання. Міністр таксама заклікаў беларускі і расейскі бакі сумесна з казахстанскім бокам і ЕЭК у межах Міждзяржаўнай міжведамаснай рабочай групы выпрацаваць надзейны механізм узаемадзеяння па кантролі тавараў і своечасовым рэагаванні на выяўленыя выпадкі парушэнняў устаноўленых патрабаванняў.
Член калегіі прапанаваў не ўводзіць абмежаванні на транзіт тавараў, якія падпадаюць пад забарону імпарту ў Расею, а максімальна выкарыстоўваць магчымасці сумеснага кантролю на знешніх межах Мытнага саюза. Ён таксама параіў устрымацца ад прымянення абмежавальных мераў у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў да завяршэння праверкі, якая праводзіцца ўпаўнаважаным органам беларускага боку.
Прадстаўнік беларускага пасольства абавязаўся праінфармаваць беларускі бок пра вынікі сустрэчы.