Сілуанаў: Мы бачым не заўсёды партнёрскае стаўленне Беларусі да РФ



„Апошнім часам мы бачым не заўсёды партнёрскае стаўленне нашага суседа да Расейскай Федэрацыі”, — заявіў першы віцэ-прэм’ер, міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў тэлеканалу „Россия 24”.

„Калі мы ідзем па шляху інтэграцыі, далейшай інтэграцыі (планы такія былі раней сфармуляваныя), то трэба быць партнёрамі. І калі мы ідзем насустрач, то хочам такіх жа крокаў з беларускага боку”, — сказаў Сілуанаў. Таму, працягнуў ён, на сустрэчы кіраўнікоў дзвюх дзяржаў 25 снежня ў Крамлі было вырашана стварыць рабочую групу, паглядзець яшчэ раз на задачы па інтэграцыі, якія раней былі пастаўленыя, абнавіць іх і рухацца ў гэтым кірунку.

„У Расіі адбываюцца падатковыя змены, пра якія мы гаварылі, у першую чаргу ў нафтагазавым сектары. Мы на працягу шасці гадоў плануем цалкам адмовіцца ад экспартнай пошліны на нафту”, — нагадаў чыноўнік.

„Робім гэта паступова, — падкрэсліў ён. — У той жа час пры зніжэнні экспартнай пошліны на нафту павышаецца ўнутранае падаткаабкладанне — праз падатак на здабычу карысных выкапняў. І паступова цэны на нафту прыводзяцца ў калідор сусветных цэн. Пры гэтым нашым прадпрыемствам мы даем субсідыі ў выглядзе так званага адмоўнага акцызу. Яны ідуць на мадэрнізацыю галіны. Гэта важна, таму што ў нас яшчэ цэлы шэраг прадпрыемстваў не мадэрнізавалі свае вытворчасці. І, каб яны мелі крыніцу для такіх рэсурсаў, дзяржава дапамагае”.

„Што кажуць нашы калегі з Беларусі? Калі вы павышаеце ўнутраныя цэны на нафту, то і мы яе атрымліваем па больш высокай цане. Давайце нам такія ж субсідыі, як вашым прадпрыемствам. Мы кажам: дазвольце, вашы прадпрыемствы — гэта не расійскія прадпрыемствы, не нашы падаткаплацельшчыкі, не расійскія. Яны не пастаўляюць нафтапрадукты на расійскі рынак, пастаўляюць за мяжу, зарабляюць. Пра такое субсідзіраванні эканомікі суседняй краіны з боку расійскага бюджэту можна казаць, калі ў нас будзе больш глыбокая ступень інтэграцыі”, — заявіў Сілуанаў.

Чарговая сустрэча Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі запланаваная 29 снежня.

(Цытаты з інтэрв’ю Сілуанава апублікаваныя на сайце ўрада РФ.)

belapan.by

Фота РБК