Сітуацыя ў Беларусі будзе ў цэнтры ўвагі шведскага старшынства АБСЕ



Сітуацыя ў Беларусі будзе на парадку дня шведскага старшынства ў АБСЕ, якое пачалося ў першы дзень гэтага года, заявіла кіраўнік МЗС краіны Ан Ліндэ.

„Прыярытэтнымі пытаннямі падчас старшынства Швецыі будуць зацяжныя канфлікты ў рэгіёне, абарона еўрапейскай сістэмы бяспекі і засяроджванне ўвагі на дэмакратыі, вяршэнстве закона, правах чалавека і гендарнай роўнасці як часткі працы па ўсталяванні міру і бяспекі. Канфлікты і крызісы ў рэгіёне АБСЕ, а таксама сітуацыя, якую мы назіраем у Беларусі, ва Украіне і вакол яе, рост напружанасці вакол Нагорнага Карабаха патрабуюць нашай агульнай увагі. Гэта, вядома, будзе на парадку дня з пачатку года”, — падкрэсліла Ліндэ на сваёй старонцы ў „Твітэры”.

Паводле яе слоў, дзясяткі тысяч дэманстрантаў у Беларусі выступаюць за захаванне іх правоў, і Швецыя заўсёды падтрымлівае людзей, якія патрабуюць дэмакратыі.

Старшынства ў АБСЕ перайшло да Швецыі ад Албаніі. Праз некалькі дзён пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія адбыліся 9 жніўня, на той момант старшыня АБСЕ прэм’ер-міністр Албаніі Эдзі Рама накіраваў беларускім уладам ліст з просьбай арганізаваць візіт для яго і будучага старшыні арганізацыі Ан Ліндэ для сустрэчы з прадстаўнікамі ўрада і апазіцыі. „Мы паўтараем сваю заклапочанасць вынікамі прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, за якімі не магло назіраць БДІПЧ АБСЕ, непрапарцыйным выкарыстаннем сілы супраць мірных дэманстрантаў, масавымі затрыманнямі і паведамленнямі аб катаваннях з боку сілавікоў”, — адзначыў Рама. Ён падкрэсліў, што адкрыты і канструктыўны дыялог неабходны для таго, каб Беларусь магла рухацца далей, і АБСЕ гатовая гэтаму спрыяць.

Беларускія ўлады не далі згоды на візіт і адхілілі неаднаразовыя прапановы аб пасрэдніцтве АБСЕ для выйсця з палітычнага крызісу.

Ан Ліндэ не раз жорстка выказвалася на адрас афіцыйнага Менска. У сярэдзіне лістапада яна сустрэлася з экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Святланай Ціханоўскай.

belapan.by