Сітуацыя з мігрантамі можа ўскладніцца да канфлікту з удзелам Расеі і НАТА
Сітуацыя з мігрантамі на мяжы Еўрапейскага звязу і Беларусі можа ўскладніцца да канфлікту з удзелам Расеі і НАТА. Такое меркаванне ў эфіры Латвійскага радыё выказаў міністр абароны Латвіі Арціс Пабрыкс.
На думку чыноўніка, міграцыйны крызіс стаў „самай вялікай праблемай” для самога Аляксандра Лукашэнкі. „Яго пазіцыя ясная: ён хоча як-небудзь адпомсціць за балючыя санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да яго рэжыму Еўрапейскім звязам, — сказаў кіраўнік латвійскага ваеннага ведамства. — Не думаю, што ў яго гэта добра атрымліваецца. Відавочна, Лукашэнка падумаў, што зможа зрабіць нешта падобнае на тое, што адбывалася ў 2015 годзе, калі праз Еўропу ішлі вялікія патокі мігрантаў”.
„На сваіх самалётах і з дапамогай дзяржаўных турыстычных кампаній ён стаў прывозіць мігрантаў у Беларусь, збіраць з іх грошы і казаць, што потым яны патрапяць у ЕЗ, таму што Еўрапейскі звяз усіх прымае. Але ён пралічыўся: балтыйскія краіны і Польшча не будуць прымаць гэтых мігрантаў”, — перакананы Пабрыкс.
Паводле заявы латвійскага міністра, у Беларусі знаходзіцца ад 10 да 15 тыс. мігрантаў, і, калі ва ўлад Беларусі не атрымаецца „пераштурхнуць іх” у ЕЗ, ім „прыйдзецца разбірацца з гэтай праблемай самастойна”.
На пытанне, ці не трансфармуецца цяперашні крызіс з гуманітарнага ў ваенны з удзелам сіл НАТА, Пабрыкс адказаў: „Калі сітуацыя пагоршыцца, гэта будзе не гуманітарны крызіс”. „З самага пачатку гэта было не гуманітарным крызісам, а гібрыднай аперацыяй Лукашэнкі. Мы ўжо чулі ад польскага боку, што там і стрэлы былі, і ўсякія магчымыя правакацыі. Але мы павінны сваю мяжу абараняць і адкрываць яе не будзем”, — падкрэсліў ён.
Кіраўнік латвійскага ваеннага ведамства бачыць два верагодныя сцэнары развіцця сітуацыі на мяжы: „Адзін сцэнар, калі Лукашэнка з дапамогай сілавых органаў працягне назапашваць мігрантаў ля мяжы з Латвіяй, Літвой і Польшчай і пастараецца яшчэ больш ускладніць гэтую сітуацыю, даводзячы да канфлікту. Тады і Расея можа ў ім удзельнічаць, і НАТА, таму што мы павінны сваю мяжу абараняць. Іншы варыянт, калі [Лукашэнка] павінен неяк спакойненька адправіць мігрантаў назад за свае грошы. Таму што, вядома, ён не хоча трымаць у сябе гэтыя 15 тысяч мігрантаў”.
8 лістапада ў раёне пункта пропуску „Кузніца Беластоцкая”(з беларускага боку — „Брузгі”) была здзейсненая спроба масавага пранікнення на тэрыторыю Польшчы нелегальных мігрантаў, як мяркуецца, з Іракскага Курдыстана, цераз загароду з калючага дроту. Мігранты разбілі лагер уздоўж лініі мяжы з беларускага боку, дзе застаюцца дагэтуль.
З-за абвастрэння міграцыйнага крызісу на польска-беларускай мяжы Польшча значна павялічыла прысутнасць свайго вайсковага кантынгенту на ўсходніх рубяжах. Міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак раніцай 10 лістапада ў эфіры Польскага радыё паведаміў, што акрамя супрацоўнікаў памежнай службы і паліцыі на мяжы знаходзяцца 15 тысяч вайскоўцаў польскай арміі, і іх колькасць пры неабходнасці можа быць павялічаная.
У той жа дзень Мінабароны Беларусі заявіла, што Узброеныя сілы нарасцілі склад дзяжурных сіл супрацьпаветранай абароны ўздоўж мяжы на заходнім і паўночна-заходнім напрамку, а таксама што цяпер палёты расейскай стратэгічнай авіяцыі ў паветранай прасторы Беларусі будуць адбывацца на рэгулярнай аснове.
Міністэрства абароны Беларусі ўжо некалькі разоў выстаўляла польскім калегам прэтэнзіі ў сувязі з істотным павелічэннем воінскага кантынгенту на мяжы без інфармавання беларускага боку і запрашэння назіральнікаў.
Сітуацыя з мігрантамі на мяжы Беларусі і Польшчы занепакоіла сусветную супольнасць. На праблему звярнулі ўвагу структуры і высокія прадстаўнікі ААН, яе абмяркоўваюць лідары краін Еўропы і ЗША, выказаліся прадстаўнікі Расеі і Ватыкана.
Крызіс з нелегаламі, які, як упэўненыя на Захадзе, арганізаваны ўладамі Беларусі, можа стаць прычынай прыняцця новых санкцый Еўразвязу ў дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб у Беларусі.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕЗ пачаўся вясной 2021 года. Спачатку шматразовае павелічэнне колькасці нелегальных мігрантаў адчула на сабе Літва. Пасля таго, як Вільнюс прыняў рашэнне не затрымліваць мігрантаў, а разварочваць іх назад у Беларусь, патокі нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу.
З-за павелічэння патоку нелегальных мігрантаў з беларускага боку Літва, Латвія і Польшча ўвялі рэжым надзвычайнага становішча ў раёнах, якія мяжуюць з Беларуссю.
Фота: LETA / Lita Krone